Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў другі дзень пілігрымкі Мінск-Будслаў |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
28.06.2010 15:20 |
У першы дзень пілігрымкі ў будслаўскі санктуарый 27 чэрвеня 2010 г. мінскія пілігрымы з архікатэдры дайшлі да в. Вішнёўка (Архікатэдральны дэканат). У мясцовай школе і палатках адбыўся першы начлег пілігрымаў. Раніцай наступнага дня св. Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У гаміліі Мітрапаліт Кандрусевіч найперш павіншаваў пілігрымаў з паспяховым завяршэннем першага дня, нагадаўшы прыказку: «хорошее начало — полдела откачало». Старт быў паспяхом і гэта дае надзею на поспех і багатыя плёны ўсёй пілігрымкі. Арцыпастыр нагадаў, што пілігрымка — гэта не турыстычны паход, а час малітвы, пакуты і навяртання, час евангельскага сведчання. Мітрапаліт Кандрусевіч папрасіў пілігрымаў памятаць у малітве Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію, увесь Касцёл у Беларусі, а таксама памаліцца ў інтэнцыі пакліканняў да святарства і кансэкраванага жыцця. Звяртаючыся да тэкстаў чытанняў, Мітрапаліт адзначыў, што прарокі былі супраць адыходу выбранага народу ад Бога. Яны заклікалі да навяртання і нагадвалі аб Божай кары для тых, хто адварочваецца ад Бога. Так прарок Амос у першым чытанні асабліва моцна выступае супраць сацыяльнай несправядлівасці, сексуальнай разбэшчанасці і імкнення да прыемнасцяў. У Евангеллі Езус заклікае ісці за Ім. Аднак перасцерагае, што гэта нялёгкая справа, і яна вымагае адрачэння ад зямных спраў і вяртання да Божых. Арцыпастыр звярнуў увагу на тое, што праблемы, якія ўздымаў прарок Амос і сам Збаўца, актуальныя і сёння і выступаюць яшчэ з большай моцай. І сапраўды, сучасны свет — гэта свет, у якім, нягледзячы на дасягненні навукі і тэхнікі, так многа сацыяльнай несправядлівасці. Касцёл апрацаваў сацыяльнае вучэнне, але ці хочуць людзі карыстацца ёю. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI навучае, што мэтай Касцёла з’яўляецца не будаванне грамадства, але дапамога ў яго будаўніцтве на маральных прынцыпах. «Мы бачым, у якім амаральным накірунку развіваецца сучасны свет, асабліва ў галіне сексуальнасці. Многія людзі, асабліва маладыя, нязгоднае з Божай воляй сексуальнае жыццё лічаць нормай, бо сёння такія звычаі, — адзначыў Мітрапаліт. — Імкненне да матэрыяльнага багацця і прыемнасцяў становіцца сучасным богам, а людзі, як старажытныя рымляне, а нават і выбраны народ усё часцей праслаўляюць залатога цяльца. Мы забываем пры гэтым, што за золата не купім сабе здароў’я і золата не забяспечыць нам жыцця вечнага». Напрыканцы літургіі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў пілігрымаў углядацца ў вобраз Марыі, багаццем якой была ласка Божая, а веліч выражалася ў згодзе з Божай воляй і служэнні людзям. Іерарх заахвоціў наследаваць яе як шлях да вечнага шчасця. |
Фотарэпартаж |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.