Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сакрамэнт канфірмацыі ў Дзяржынску
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія

16 кастрычніка 2010 г. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў Дзяржынск, дзе вернікам парафіі Святой Ганны ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі.

У сваёй гаміліі іерарх, зыходзячы з літургічных чытанняў на гэты дзень, нагадаў пра навучанне Езуса Хрыста адносна дзеяння Духа Святога. «Сведчанне пра Хрыста дасць Дух праўды, і вернікі таксама павінны даваць такое ж сведчанне», — адзначыў арцыпастыр.

«Што азначае даваць сведчанне пра Езуса Хрыста? Не што іншае, як жыць паводле Яго навучання, — працягваў Мітрапаліт. — Недастаткова быць хрысціянінам толькі на паперы ці паводле назвы. Трэба быць хрысціянінам у штодзённым жыцці, у кожнай жыццёвай сітуацыі. Гэта асабліва важна ў наш час, калі жыццё чалавека ўсё больш і больш адплывае ад берага веры да берага індыферэнтнасці або нават нявер’я, калі ўсё часцей гаворыцца пра тое, што вера — гэта толькі прыватная справа чалавека. Аднак рэклама алкаголю ці абартыўных сродкаў — гэта ўжо не прыватная справа. Тады чаму вера павінна быць прыватнай справай?»

«Хрысціянін павінен быць тым, хто „не хавае галаву ў пясок“, як страус, але адважна адказвае на выклікі часу і бароніць сваю веру. У наш час яе трэба бараніць не менш, чым гэта было падчас пераследу. Іншы раз здаецца, што ў час свабоды веравызнання гэта яшчэ больш складана: ніхто не забараняе верыць, аднак чалавек сам адмаўляецца ад веры або нават дзейнічае супраць свайго сумлення», — дадаў іерарх.

Арцыпастыр нагадаў, што «Дух Святы заўсёды дапамагаў чалавеку, дапамагае і сёння, толькі трэба гэтую дапамогу прыняць». «Калі хворы чалавек не прыме лекаў, то не вылечыцца. Калі чалавек не шукае дапамогі перад спакусамі, то ён трапляе ў іх сеці. Неразумным трэба назваць чалавека, які, тонучы, не будзе хапацца за выратавальны круг. Гэтым кругам у духоўным жыцці чалавека ёсць Божая дапамога, якую атрымліваем праз Касцёл і праз Духа Святога, які ніколі не перастае дзейнічаць», — адзначыў Мітрапаліт.

Іерарх заклікаў вернікаў даверыцца Духу Святому і прыняць Яго дары, каб быць сапраўднымі сведкамі Евангелля, што будзе весці іх да святасці і дапаможа іншым ісці шляхам збаўлення.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме