Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дзе сустракаецца неба з зямлёю. Працэсія Божага Цела ў Мінску
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
28.05.2011 12:37

У 20-ы раз вернікі Мінска прайшлі па горадзе ў працэсіі Божага Цела. 29 мая 2011 г. каля 10 тысяч чалавек прайшлі па цэнтральных вуліцах Мінска.

У дзевяць гадзін раніцы вернікі мінскіх парафій і духоўныя асобы сабраліся на пляцы каля касцёла Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой горцы, дзе адбылася літургія. 

«Часта можна назіраць, як растаюцца закаханыя асобы. Заўсёды жадаюць пакінуць на ўспамін аб сабе фотаздымак, які-небудзь сувенір. Хрыстус жа, развітваючыся са сваімі ўзлюбленымі вучнямі, пакінуў на ўспамін аб сабе не проста сімвал, але застаўся назаўсёды ў Найсвяцейшым Сакрамэнце», — адзначыў галоўны цэлебрант біскуп Антоні Дзям’янка.

У гаміліі іерарх прывёў словы благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ аб значэнні Эўхарыстыі ў штодзённым жыцці кожнага верніка. Паводле Вялікага Папы, Эўхарыстыя — гэта сакрамэнт дару, любові і супакою. Менавіта яна дапамагае зразумець вечнасць і імкнуцца да яе. Яна — месца, дзе зямля сустракаецца з зямлёю. Эўхарыстыя заахвочвае да салідарнасці і супакою ва ўсіх акалічнасцях жыцця.

У свой час Ян Павел ІІ адзначаў, што Касцёл жыве менавіта дзякуючы Эўхарыстычнаму Хрысту, Ім жывіцца, з Яго чэрпае святло.

Пасля Імшы распачалася працэсія, якая накіравалася па праспекце Незалежнасці і іншых вуліцах сталіцы, спыняючыся на чатырох стацыях. На кожнай з іх манстранцыя з Найсвяцейшым Сакрамэнтам змяшчалася на спецыяльна падрыхтаваным алтары, пасля чаго дыякан зачытваў урывак з Евангелля і прамаўляў гамілію.

Падчас прыпынку на Кастрычніцкай плошчы вернікі маліліся за ахвяраў выбуху, які меў месца ў красавіку 2011 г., а таксама за злачынцаў, якія яго ўчынілі.

«Тое, што адбылося тады, мы ўзгадваем і сёння, праходзячы ў працэсіі Божага Цела, — адзначыў кс. Віктар Гайдукевіч SDB. — А гэта азначае, што мы нясём Эўхарыстычнага Хрыста ў месца трагедыі. Нясём Таго, хто сам стаў ахвярай, прыняўшы дзеля нас смерць крыжовую. Нясём Таго, хто стаў пераможцам смерці. Укрыжаваны Хрыстус надае новую годнасць кожнай нявіннай ахвяры жудасных забойстваў ва ўсім свеце. Бо Ён змёртвыхпаўстаў!»

Па словах святара, неабходна памятаць аб гэтым здарэнні,  «памятаць найперш у сваіх малітвах, бо іначай мы нібы ў другі раз пакараем ахвяр гэтай трагедыі». «Пакараем, калі не заменім наш гнеў ці маўчанне на заступніцкую малітву», — падкрэсліў кс. Віктар Гайдукевіч SDB.

«Вялікая колькасць вернікаў, якія ўдзельнічаюць у працэсіі, вельмі прыемна ўражвае, — адзначыў а. Алег Шэнда OFMCap. — Але нам варта памятаць аб тым, што ў Мінску сотні тысяч іншых людзей, якія пра Хрыста і пра сустрэчу з Ім не ведаюць нічога… Знайшоўшы свой шлях да Хрыста, варта падзяліцца ім з іншымі».

Урачыстая працэсія Божага Цела завяршылася каля архікатэдральнай святыні спевам гімнаў «Te Deum» («Цябе, Бога, праслаўляем») і «Магутны Божа».
Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.