Касцёлу ў Нясвіжы 410 гадоў |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
27.06.2011 13:26 |
410 гадоў адзначыў славуты духоўны сімвал Беларусі і архітэктурны помнік ранняга барока — касцёл у Нясвіжы. Святыню асвяціў Папскі нунцый Клаўдыё Рангоні 7 кастрычніка 1601 г. Cёлета святкаванні прайшлі 25 чэрвеня пасля ўрачыстасці Божага Цела, тытул якога носіць касцёл. Cвяткаванне распачалося канферэнцыяй для сем’яў, якую правёў кс. Эрвін Вячорак (рух Equipes Notre-Dame). Падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту вернікі нясвіжскай парафіі і яе госці дзякавалі Богу за святыню, яе мецэнатаў і святароў, якія тут працавалі. Пра гісторыю нясвіжскага касцёла і парафіі прысутныя маглі даведацца з рэферата навуковага супрацоўніка Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж» Аляксандра Храмога. Кульмінацыйны момант святкавання — святая Імша — распачалася са словаў прывітання арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага. Канцэлебравалі літургію шматлікія святары і прысутны а. Фернандо Вера, член прэлатуры «Opus Dei». Падчас літургіі іерарх удзяліў вернікам сакрамэнт канфірмацыі, а два вернікі (ахрышчаныя ў Царкве) аднавілі сакрамэнт бежмавання. У гаміліі іерарх заахвочваў заўсёды быць з Езусам, прысутным у Эўхарыстыі. «Мы павінны прыходзіць да Бога і казаць: „Я, Ян. Я вітаю Цябе, Езус“», — адзначыў Мітрапаліт. Пасля вернікі прайшлі ў эўхарыстычнай працэсіі па вуліцах горада. Ва ўрачыстасцях прынялі ўдзел святары і сёстры законныя з розных куточкаў Беларусі, прадстаўнікі Таварыства несвіжан за межамі краіны, Надзвычайны пасол Рэспублікі Польшча ў РБ, прадстаўнікі мясцовай улады. Міністр культуры Павел Латушка накіраваў нясвіжскай парафіі віншавальны ліст. Пасля малітвы наступіў час супольнага адпачынку. Як вялікая сям’я, парафіяне і госці ўрачыстасці сабраліся за супольным сталом на абед, які быў арганізаваны на вуліцы. Завяршылася святкаванне дабрачынным канцэртам мінскага Тэатра оперы і балета.
|
Фотарэпартаж |