Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мэр Магілёва падчас сустрэчы з каталіцкімі біскупамі: веруючы чалавек — чалавек высокай культуры
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
04.05.2012 16:10

4 мая 2012 г. у Магілёве ў межах Дзён біскупа Баляслава Слосканса адбылася сустрэча каталіцкіх іерархаў Беларусі і Латвіі з мэрам горада, старшынёю Магілёўскага гарвыканкама Станіславам Барадаўкам.

Апостальскі нунцый арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці назваў свой візіт у Магілёў пілігрымкай да культурных каранёў Беларусі. Прадстаўнік Святога Айца нагадаў пра сваю місію — будаваць масты паміж Беларуссю і светам, і пры гэтым адначыў, што Магілёў заслугоўвае мець самы вялікі мост, бо ў гісторыі ён з’ядноўваў Усход з Захадам.

Мітрапаліт Кандрусевіч падзякаваў прадстаўніку ўлады за адкрытасць на дыялог і супрацоўніцтва з Касцёлам, добрым прыкладам чаго з’яўляецца фестываль «Магутны Божа». Станіслаў Барадаўка ў сваю чаргу выказаў жаданне і надалей спрыяць развіццю Касцёла, бо, як сцвердзіў, веруючы чалавек — высокакультурны чалавек.

Латвійскі кардынал Яніс Пуятс указаў на вялікае значэнне адносін паміж Касцёлам і дзяржавай. Між іншым, іерарх узгадаў, што Рыжская семінарыя стала Alma Mater для 8 біскупаў з краінаў былога Савецкага Саюзу.

Падчас сустрэчы была ўнесена прапанова назваць адну з вуліц Магілёва іменем біскупа Баляслава Слосканса, які з’яўляўся Апостальскім адміністратарам Магілёўскай Мітраполіі. Прапанову ўнесла Дзідра Смілцена, рэжысёр фільма пра біскупа Слосканса «Малітва і крыж». Добрай нагодай для гэтага можа стаць 120-я гадавіна нараджэння Слугі Божага, якая прыпадае на 2013 г.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.