Кардынал Яніс Пуятс праз свой візіт у Беларусь ушанаваў памяць біскупа Слосканса |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
07.05.2012 16:52 |
«У 20-я гг. ХХ стагоддзя ў Магілёве як Апостальскі адміністратар працаваў латыш біскуп Баляслаў Слосканс. Таму сёння я тут не толькі як госць, але і як яго ўшанавальнік. Як ведаем, біскуп Слосканс прызнаны годным для наследавання — а гэта першы крок да беатыфікацыі», — адзначыў кардынал Яніс Пуятс, Мітрапаліт Рыжскі на пенсіі, падчас Дзён біскупа Баляслава Слосканса, што праходзілі ў Магілёве 4–6 мая 2012 г. У размове з Catholic.by кардынал Пуятс таксама распавёў пра сваё служэнне і Касцёл у Латвіі. «Маё святарства ахоплівае больш за 60 гадоў. Ужо два гады я на пенсіі. Цяпер нясу святарскае служэнне ў парафіях, прапаведую слова Божае, па нядзелях цэлебрую літургіі для людзей, штодзённа прымаю споведзь. Адным словам, я задаволены, што рэшту гадоў магу прысвяціць вернікам. Больш за 20 гадоў я быў Мітрапалітам Рыжскім. А да таго працаваў Генеральным вікарыем пры кардынале Вайвадсе. Выкладаў у семінарыі літургіку», — такая кароткая гісторыя жыцця кардынала Яніса Пуятса. Па словах іерарха, Касцёл у Латвіі захоўвае дасаборную дысцыпліну — штодзённая паслуга святароў у канфесіянале, Эўхарыстыя, частая адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Ёсць і такія капліцы, у якіх адарацыя працягваецца дзень і ноч. У Латвіі 8 біскупаў, 4 з якіх на пенсіі. Тэрытарыяльна Касцёл падзелены на 4 дыяцэзіі, ёсць Рыжская Мітраполія. У Латвіі больш за 300 парафій, у якіх працуюць 150 святароў. «Многія з іх годна неслі сваё служэнне і ў савецкі час. Калі час змяніўся, было пабудавана каля 40 новых касцёлаў. У гэтым нам дапамагалі католікі і каталіцкія арганізацыі з-за мяжы», — падкрэсліў Мітрапаліт Рыжскі на пенсіі. Дзейнічае семінарыя. На сённяшні дзень у яе сценах праходзяць фармацыю каля 25 семінарыстаў. Ёсць інстытут, у якім рыхтуюць таксама свецкіх выкладчыкаў, якія пасля заканчэння навучання могуць выкладаць урокі рэлігіі ў школах. У Рызе ёсць каталіцкая гімназія і каталіцкая сярэдняя школа, за якую поўнасцю адказвае Касцёл, выдае пасведчанні аб заканчэнні ўстановы, якія прызнаюцца дзяржавай. Безумоўна, гэта толькі рысы Касцёла ў Латвіі. А кожная з гэтых рыс разварочваецца ў малюнкі адной вялікай гісторыі… |