Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Мінску асвяцілі зямлю пад будаўніцтва новага касцёла |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
19.05.2012 18:26 |
Чатыры касцёлы і пяць капліц у двухмільённым горадзе Мінску. Дагэтуль у сталіцы застаецца няшмат каталіцкіх святынь, таму кожны крок у паляпшэнні гэтай справы з’яўляецца сапраўдным святам для ўсіх католікаў горада. Так у суботу 19 мая ў мікрараёне «Чыжоўка» адбылася важная падзея ў гісторыі парафіі Святога Духа — асвячэнне крыжа і пляцоўкі пад будаўніцтва касцёла.
Узначаліў урачыстасць арцыпастыр дыяцэзіі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Сярод прысутных былі шматлікія святары, прадстаўнікі кіраўніцтва Завадскога раёна сталіцы і Адзела па справах рэлігій і нацыянальнасцей Мінгарвыканкама, а таксама прадстаўнік дабрачыннай асацыяцыі «Luci sull'Est» спадар Сільвіа з Італіі і вернікі мінскіх парафій. Сімвалічна, што ўрачыстасць адбылася ў перыяд перажывання навэнны да Духа Святога, у гонар Якога названа будучая святыня. І ў гэты ж дзень некаторыя вернікі парафіі атрымалі сакрамэнт канфірмацыі. Месца для будаўніцтва таксама абрана незвычайнае: побач — могілкі, на якіх калісьці знаходзілася каталіцкая капліца. «Самыя старэйшыя прадстаўнікі нашага пакалення памятаюць, якія выпрабаванні вытрываў Каталіцкі Касцёл у мінулым стагоддзі: святыні рабавалі, руйнавалі, разбуралі. Памятаем, з якой цяжкасцю пасля яны вярталіся вернікам. Потым мы дапамагалі будаваць касцёлы іншым. І вось, нарэшце, настаў наш час. І сёння мы маем магчымасць атрымаць надзел і пачаць будаўніцтва сваёй святыні. Для вернікаў нашага мікрараёна (аднаго з найстарэйшых у Мінску) будаўніцтва касцёла — сапраўды, вялікая неабходнасць» — адзначаюць самі вернікі. «Мы, усе тут прысутныя, вельмі рады, што сёння адбываецца такая падзея. Падзея, важная не толькі для жыхароў гэтага мікрараёна, але і для ўсіх католікаў Мінска, — адзначыў на пачатку літургіі Мітрапаліт Кандрусевіч. — Бо ведаем, як шмат католікаў у нашай сталіцы, але не ўсе могуць штодня прыехаць у цэнтр да святыні, каб скарыстацца з сакрамэнтаў, проста памаліцца. Таму так важна будаваць касцёл у кожным мікрараёне». Усё хрысціянства, як адзначыў Мітрапаліт, — гэта часы ганенняў і адраджэння. Так было і ў Беларусі. Але як кажа Пісанне, і «брамы пякельныя не перамогуць Касцёл». «І сённяшняя падзея таму пацвярджэнне», — дадаў арцыпастыр. Аднак, сапраўдны Касцёл — не з цэглы, а з людзей. Але і без святыняў не абысціся, бо яны — месца сустрэчы чалавека з Богам. І такіх месцаў трэба як мага больш. Вернікі ж, як падкрэсліў Мітрапаліт, павінны памятаць, што будуюць новыя касцёлы не для біскупаў і святароў, а для сябе, сваіх дзяцей і ўнукаў. Святкаванне падзеі завяршылася святочным канцэртам ад гурта «Небасхіл» парафіі Святога Яна Хрысціцеля, дзе збіраюцца і вернікі парафіі Святога Духа. Парафія Святога Духа была заснавана ў 2005 г. па благаслаўленні кардынала Казіміра Свёнтка. Арганізацыя была даручана кс. Ігару Лашуку SDB, намаганнямі якога былі сабраны першыя вернікі. З 2007 г. і да сённяшняга дня пастырства парафіі даручана кс. Яну Крэмісу. Падчас пастырскага наведвання вернікаў і катэхізацыі парафія ўпэўнілася ў тым, што існуе рэальная патрэба ў будаўніцтве касцёла ў месцы пражывання вернікаў. Восенню 2011 г. парафія атрымала ад гарвыканкама дазвол на будаўніцтва. І ўжо 19 мая 2012 года адбылося асвячэнне зямлі пад будаўніцтва касцёла, асвячэнне крыжа і вуглавога каменя, у які была змешчана капсула з дэкрэтам аб благаслаўленні пачатку будаўніцтва Мітрапалітам. Гледзячы на праект касцёла, уяўляеш, як там будуць збірацца людзі, закіпіць жыццё. Наперадзе шмат працы, але першы крок ужо зроблены. Няхай жа Дух Святы, крыніца жыцця і любові, дапаможа ў гэтай добрай справе. Святлана Жылевіч
|
Фотарэпартаж |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.