Сакрамэнт канфірмацыі ў Серабранцы: жадаем крочыць у Божай праўдзе і пазбягаць усялякага граху |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
24.05.2010 16:32 |
23 мая 2010 г. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў касцёле святога Яна Хрысціцеля ў Мінску (Серабранкаўскі дэканат). Сакрамэнт хрысціянскай сталасці прынялі 119 вернікаў з парафіі ў Серабранцы і парафіі Духа Святога ў Чыжоўцы. У гаміліі іерарх нагадаў пра значэнне ўрачыстасці Спаслання Духа Святога — трэцяй па важнасці пасля Вялікадня і Божага Нараджэння. «Дух Святы сышоў на Апосталаў на пяцідзесяты дзень пасля ўваскрасення Езуса Хрыста і перамяніў іх так, што пазбавіліся страху і сталі мужнымі прапаведнікамі Езуса ўкрыжаванага і ўваскрослага», — адзначыў арцыпастыр. «Хрысціянства прыняло яўрэйскую традыцыю Пяцідзесятніцы як удзячнасці за ўраджай, якою з’яўляюцца добра вядомыя нам „Дажынкі“, — працягваў Мітрапаліт. — Сёння мы таксама ўдзячныя Богу за дар Духа Святога, бо дзень Спаслання Духа Святога — гэта дзень нараджэння Касцёла. Дух Святы вядзе яго ўжо больш за 2 тысячы гадоў, каб праз яго дзейнасць змяніць аблічча зямлі». На заканчэнне гаміліі арцыбіскуп заклікаў вернікаў адкрыцца на дзеянне Духа Святога, каб Ён мог змяніць іх, а праз гэта зрабіць свет лепшым. Перад прыняццем з рук арцыпастыра сакрамэнту канфірмацыі, кандыдаты, а таксама сведкі і ўсе прысутныя прасілі Бога, каб праз атрыманне дароў Духа Святога ўмацоўвалася іх жаданне пазнаваць і любіць праўду, якою з’яўляецца Бог, мужна і адважна абараняць веру, змагацца з усялякімі спакусамі, крочыць у Божай праўдзе і пазбягаць усялякага граху. На заканчэнне ўрачыстасці вернікі, якія прынялі сакрамэнт канфірмацыі, скіравалі словы падзякі Мітрапаліту, дзякуючы паслузе якога мелі магчымасць перажыць гэты цудоўны момант, пробашчу парафіі Святога Яна Хрысціцеля кс. Ігару Лашуку SDB, пробашчу парафіі Духа Святога кс. Яну Крэмісу, кс. Віктару Гайдукевічу SDB і с. Віялеце Врубэль, якія праводзілі заняткі па падрыхтоўцы да сакрамэнту. |
Фотарэпартаж |