Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Для каго і як пісаць? У Мінску вучылі асаблівасцям хрысціянскіх навінаў
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
26.11.2012 11:29

Як пісаць хрысціянскія навіны? Гэтым пытаннем задаецца кожны, хто хоць бы раз імкнуўся падзяліцца з шырокай аўдыторыяй значнымі падзеямі сваёй парафіі, свецкіх рухаў ці вынікамі канферэнцый. Атрымаць адказы на падобныя пытанні і пачатковыя веды па структуры навінаў і жанрах журналістыкі дапамагла Алена Кулыгіна, рэдактар Рэлігійна-інфармацыйнай службы Украіны.

Майстэрня з яе удзелам адбылася ў Мінску 24 лістапада. Паўдзельнічаць у майстар-класе вырашылі каля 30 пачынаючых аўтараў з усіх дыяцэзій Беларусі. Для большасці з іх журналістыка — гэта хобі, зацікаўленасць, а для кагосьці — магчымасць распавесці пра сябе і сваю дзейнасць. А каб ва ўсім гэтым было не толькі жаданне, але і эфектыўнасць, важна ўмець працаваць па прынятых правілах журналістыкі, якія, як вядома, для ўсіх аднолькавыя.

«Крытычна ацэньваць тое, што робіш», — вось асноўнае правіла для журналістаў, а яшчэ, як адзначыла карэспандэнту нашага партала вядучая майстэрні Алена Кулыгіна, «заўсёды бачыць перад сабой вобраз чытача, з якімі эмоцыямі і думкамі ён будзе чытаць тэкст».  

«І калі мы можам уявіць сабе сапраўды таго чалавека, да якога звяртаемся, і зрабіць для яго максімальна зразумелую і даступную навіну, то іншых сакрэтаў для напісання добрага матэрыялу не спатрэбіцца», — дадала эксперт.

Праграма майстэрні ўключала тэарэтычныя і практычныя заняткі па пытаннях інфармацыйных нагод, вызначэння мэтай аўдыторыі, напісанні інфармацыйнага паведамлення, практычнага прымянення ў працы журналістаў сацыяльных медыя.

«Мне хацелася расказаць пра тое, як хрысціянскія журналісты могуць лепш працаваць, рэалізуючы сваё пакліканне, кажучы пра Касцёл цікава, яскрава, з любоўю, так, каб гэта перадавалася кожнаму, хто прачытае навіну», — дадала Алена Кулыгіна.

Адзін з арганізатараў майстэрні дырэктар партала Catholic.by кс. Юрый Марціновіч спадзяецца, што «першы падобны майстар-клас стане добрым пачаткам наступных майстэрняў і семінараў з удзелам каталіцкіх журналістаў і тых, хто жадае дапамагаць развівацца каталіцкім медыя нашай краіны».  

Вучыцца ніколі не позна — пацвердзіла майстэрня і дала зразумець, што хрысціянскія навіны могуць быць цікавымі не толькі вызнаўцам рэлігій, але і больш шырокай аўдыторыі.

Святлана Жылевіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.