Начная Імша ў Будславе сабрала дзясяткі тысяч вернікаў |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
05.07.2013 22:18 |
«Марыя прымае ўсіх. Яна адорвае ўсіх і кожнага паасобку сваёй радасцю, якая найперш выплывае са спаткання з Яе Сынам», — падкрэсліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падчас святой Імшы, якая адбылася ў Будславе ўначы. Перад літургіяй прадстаўнікі чатырох дыяцэзій унеслі копію абраза Маці Божай Будслаўскай, якая здзяйсняла перэгрынацыю па Беларусі, і адбылася працэсія з копіяй абраза вакол будслаўскага парка. Распачынаючы літургію, Мітрапаліт прывітаў пілігрымаў, якія прыбылі на юбілейныя ўрачыстасці ў будслаўскім санктуарыі. Арцыпастыр заклікаў удзельнікаў Імшы прасіць Маці Божую Будслаўскую, між іншым, аб новых пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця і за Беларусь, каб «яна сапраўды была белай і святой». Як заўважыў Мітрапаліт у гаміліі, падобна святой Альжбеце «і мы павінны прывітаць Марыю яе словамі: “Адкуль гэта нам, што Маці нашага Пана прыйшла да нас, прыйшла на нашу зямлю?”» Яна, па словах іерарха, «у цудатворным абразе прыйшла ў Будслаў чатыры стагоддзі таму, была з намі ў цяжкія гады ганенняў на Касцёл і сёння ёсць з намі». Мітрапаліт нагадаў, што вернікам дапамагае таксама святая Тэрэза ад Дзіцятка Езус, рэліквіі якой наведваюць Беларусь і падчас гэтых урачыстасцяў прабываюць у Будславе. Гэтая «юная святая, якую называюць таксама Малой Тэрэзай, служэннем іншым і малітвай, (...) духоўнымі разважаннямі і тэалагічнымі думкамі, запісанымі ў аўтабіяграфічнай кнізе “Гісторыя адной душы”, сталася вялікай у Божым Валадарстве». Напрыканцы Імшы Мітрапаліт прывітаў вернікаў на розных мовах. Пасля літургіі распачалася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, якую праводзіла моладзь. Таксама вернікі мелі магчымасць ушанаваць рэліквіі святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езус і праз усю ноч прыступіць да сакрамэнту споведзі. Анастасія Грышан |
Фотарэпартаж |