Сакрамэнт канфірмацыі на святой Імшы ў Будславе 5 ліпеня групе вернікаў удзялілі біскуп Пінскі Антоні Дзям’янкі і дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец. У гэты дзень у будслаўскім санктуарыі распачаліся юбілейныя ўрачыстасці, прысвечаныя 400-годдзю прыбыцця цудатворнага абраза Маці Божай.
Перад літургіяй да моладзі, прысутнай на ўрачыстасці, звярнуўся са словам кардынал Жан-Луі Таран, спецыяльны легат Святога Айца. Таксама кардынал удзяліў вернікам благаслаўленне.
Біскуп Антоні Дзям’янка на пачатку святой Імшы сказаў: «Радасныя пачуцці напаўняюць нашы сэрцы ад таго, што Бог нас выбраў, каб мы ў гэтым месцы прынеслі малітвы Яму, прыходзячы да Маці Езуса».
Маці Будслаўская, адзначыў біскуп у гаміліі, «сваё месца абрала тут і ужо 400 гадоў з’яўляецца пасрэдніцай паміж намі і сваім Сынам Езусам Хрыстом». «Ты нас вядзеш да Хрыста, вучыш па-сапраўднаму любіць Касцёл, апякуешся намі, — дадаў іерарх. — Мы хочам наследаваць твае цноты, быць пакорнымі слугамі, паслухмянымі, чыстымі. І хочам сведчыць аб любові, прысвячаючы сябе Пану і Касцёлу. Ты падаеш нам прыклад, з’яўляешся ідэалам у служэнні супольнасці».
Кажучы пра сакрамэнт канфірмацыі, біскуп адзначыў: «Сакрамэнт канфірмацыі называецца сакрамэнтам агню. Як палаючы агонь сагравае тое, што знаходзіцца блізка, так і той, хто атрымоўвае гэты сакрамэнт, адчувае асаблівую прывязанасць да Касцёла, сам гэтую цеплыню разносіць і вучыць іншых шукаць Божай цеплыні ў супольнасці, імя якой Касцёл».
«Гэта Ён, Святы Дух, будзе сваім голасам за нас заступацца, дапамагаць нам у малітве, у якой Усемагутнага Бога можам называць Айцом. Гэтую нашу малітву, часамі цяжкую і добра не сфармаваную, хочам часамі нанізаць на пацеркі ружанца, — працягваў біскуп. — Не аднаму хрысціяніну вельмі цяжка змусіць сябе да малітвы, некаторыя саромеюцца маліцца (...) Варта часамі замаўчаць, сцішыцца, каб да нас дайшла Божая праўда. Да такога духоўнага стану прыводзіць нас марыйная малітва».
Пінскі ардынарый заахвоціў прысутных вернікаў «даверыць Маці Божай усе свае справы, якія прынеслі да Яе ў пілігрымцы». «Давяраю Ёй і я разам з біскупам Казімірам справы нашай Пінскай дыяцэзіі, — дадаў біскуп. — Святары няхай давераць Ёй свае парафіі, розныя ініцыятывы, якія распачынаюць, справу свайго збаўлення і духоўнае дабро сваіх парафіянаў. Бацькі няхай давераць свае сем’і, праблемы выхавання, будучыню дзяцей, пытанні, звязаныя з забеспячэннем сем’яў і ўладкаваннем на працу. Маладыя дзяўчаты няхай схіляцца да Яе далоняў, каб захаваць сваю чысціню, хворыя няхай прынясуць свае цярпенні і раны з просьбай, каб Марыя іх загаіла. Дзеці няхай прыносяць Ёй сваю цнатлівасць, каб Яна ахоўвала іх. Бедныя няхай прыносяць сваю бяду, каб ім дапамагала. Сумныя няхай прыносяць свае праблемы, каб іх суцешыла. Асобы восені жыцця няхай прыносяць свае спрацаваныя сэрцы, каб Марыя іх сагрэла, і слёзы — каб іх выцерла». Поўны тэкст гаміліi>>> Затым біскуп Антоні Дзям'янка і біскуп Казімір Велікаселец удзялілі вернікам сакрамэнт канфірмацыі. (AG)
|