Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кардынал Жан-Луі Таран у Будславе звярнуўся са словам да моладзі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
05.07.2013 20:15

5 ліпеня да моладзі, прысутнай на юбілейных урачыстасцях у Нацыянальным санктуарыі ў Будславе, звярнуўся спецыяльны легат Святога Айца Францішка, старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу кардынал Жан-Луі Таран. Кардынал прамовіў сваё слова перад Імшой з удзяленнем сакрамэнту канфірмацыі, якую ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Перад гэтым кардынал наведаў будслаўскую святыню, дзе маліўся перад цудатворным абразом Маці Божай.

Легата Папы прывіталі прадстаўнікі беларускай моладзі, паабяцаўшы шчырую малітоўную падтрымку ва ўсіх яго пачынаннях.

Затым да прысутных прамовіў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Іерарх прывітаў пілігрымаў з розных дыяцэзій, якія «не пабаяліся ні спякоты, ні дажджу, ні ветру», прыбыўшы ў Будслаў. «Прысутныя тут зараз — толькі маленькая частка той колькасці людзей, якую мы чакаем заўтра», — дадаў Мітрапаліт.

«Ваша Эмінэнцыя, Вы знаходзіцеся ў сэрцы каталіцкага духоўнага жыцця Беларусі, і я дзякую Вам за гэта», — сказаў арцыбіскуп Кандрусевіч, звяртаючыся да кардынала Тарана. Мітрапаліт выказаў спадзяванне, што прысутнасць кардынала ў Беларусі ў якасці легата Святога Айца дапаможа шматлікім маладым вернікам, прысутным на гэтых урачыстасцях, несці святло веры ў свет.

«Дарагія юнакі і дзяўчаты, я вельмі рады быць сёння з вамі», — з такімі словамі звярнуўся да маладых беларускіх католікаў кардынал Жан-Луі Таран. «Я вельмі рады вітаць вас напрыканцы вашай пілігрымкі, таму што вы — будучыня гэтай вялікай краіны (…), вы не баіцеся паказваць, што вы — католікі», — адзначыў легат, дадаўшы, што перадасць моладзі падарунак ад Папы — яго благаслаўленне.

Згадваючы пра абраз Маці Божай, які ўбачыў у будслаўскай святыні, іерарх падкрэсліў, што гэтая святая выява дае «моц для таго, каб быць сапраўднымі, поўнымі веры хрысціянамі ў любых акалічнасцях». Марыя, па словах кардынала, — Маці Божая, але Яна «належыць таксама і да нашага чалавечага роду», «ведае нашыя цяжкасці» і «дае нам прыклад лагоднай веры ў Езуса Хрыста» — а гэтая лагода «паходзіць ад Яе блізкасці з Езусам».

Маці Божая, як дадаў легат Папы, «была Жанчынаю малітвы, а таму змагла пераадолець усе жыццёвыя выпрабаванні». Менавіта праз малітву можна «бачыць свет у пазітыўным святле», «адмовіцца ад зла і абраць дабро». Маліцца — значыць, па словах кардынала Жана-Луі Тарана, «думаць пра Бога з любоўю».

Пасланнік Святога Айца даў моладзі «просты рэцэпт» для добрай малітвы — «пяць хвілін для Бога»: «Пакіньце на працягу вашага дня пяць хвілін для Бога, з Евангеллем у руках. У цішыні, без радыё, без тэлевізара паразмаўляйце з Богам, кажыце Яму «Ты», чытайце па некалькі сказаў з Евангелля, і вы ўбачыце: праз пэўны час вам спатрэбіцца больш за пяць хвілін. У вас узнікне пытанне: «Што Езус гэтым сваім словам хоча мне сёння сказаць?»»

«Калі мы з’яўляемся паслядоўнымі хрысціянамі, якія сваім ладам жыцця задаюць людзям пытанне, тады мы можам спрыяць перамене свету», — адзначыў кардынал, дадаўшы, што хрысціяне робяць «унёсак у шчасце ўсіх», калі дзеля Езуса цэняць «якасці людзей, якія побач з намі», становяцца побач з малымі гэтага свету, асуджаюць несправядлівасць і падман.

«Папросім Марыю, каб сваім прыкладам Яна дапамагала нам любіць Бога больш за ўсё, а таксама служыць нашым бліжнім», — заахвоціў вернікаў легат Папы. Па словах кардынала, «хрысціянамі не нараджаюцца — хрысціянамі становяцца», а таму неабходна кожны дзень «станавіцца хрысціянамі, поўнымі даверу і салідарнымі».

«Дарагая моладзь, Касцёл на гэтай зямлі вызваліўся ад пераследу коштам вялізных пакутаў (...), дзякуючы тым людзям, якія сталі сапраўднымі мучанікамі за веру, — працягваў пасланнік Святога Айца. — Вы сёння збіраеце плён гэтага скарбу святасці». Іерарх падкрэсліў, што надышоў час сведчання сённяшніх маладых хрысціян Беларусі, а сустрэча з Хрыстом павінна натхняць іх на актыўную дзейнасць, скіраваную на будаўніцтва Касцёла.

Кардынал заклікаў маладых католікаў ісці зноў туды, дзе яны жывуць, і сваімі паводзінамі абвяшчаць Езуса Хрыста.

Поўны тэкст слова кардынала>>>

Затым легат Папы ўдзяліў прысутным благаслаўленне.

Анастасія Грышан

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.