Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Тут я ўбачыў жывы Касцёл, які імкнецца ў будучыню»: легат Папы ўзначаліў святую Імшу на ўрачыстасцях у Будславе
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
06.07.2013 19:09

Вянцом юбілейных урачыстасцяў 400-годдзя прабывання цудатворнага абраза Маці Божай у Будславе стала святая Імша 6 ліпеня. Літургію ўзначаліў спецыяльны легат Святога Айца Францішка старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу кардынал Жан-Луі Таран.

У Імшы ўдзельнічалі Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, Апостальскі адміністратар Віцебскай дыяцэзіі кс. прэлат Францішак Кісель, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, іерархі з іншых краін, прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы і іншых веравызнанняў. На Імшу прыбылі старшыня Мінскага аблвыканкама Барыс Батура, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка, прадстаўнікі дзяржаўнай улады, дыпламатычных місій.

Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка агучыў прывітальнае слова Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ўдзельнікам будслаўскіх урачыстасцяў.

«Паважаныя суайчыннікі! Віншую вас і шматлікіх гасцей Беларусі з 400-годдзем прыбыцця цудатворнай іконы Маці Божай у Будслаў.

Рымска-Каталіцкая Царква за час існавання на беларускай зямлі аказала значны ўплыў на адметнасць культуры і гістарычнага лёсу нашага народу. Сапраўдным сімвалам непахіснасці веры і адданасці людзей традыцыям хрысціянства стаў Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай.

Штогод у Будслаў сцякаюцца дзясяткі тысяч паломнікаў, каб наблізіцца да свяшчэннай заступніцы Беларусі, атрымаць ад Маці Божай духоўную падтрымку. Яна нясе спрадвечную праўду дабра, міласэрнасці і любові, дапамагае аб’ядноўваць прадстаўнікоў розных пакаленняў, моладзь і сталых, будучыню і мінулае, наватарства і традыцыю, каб узбагачаць новым зместам сучаснасць.

Урачыстасці ў гэтым благаслаўлёным месцы напаўняюць сэрцы гонарам і радасцю за нашу краіну. Няхай велічнасць і значнасць свята адчуваюць новыя пакаленні вернікаў і праз стагоддзі гучыць у Будславе малітва за Беларусь, за яе народ.

Шчыра жадаю ўсім вам здароўя, шчасця, дабрабыту і плёну ва ўсіх справах», — гаворыцца ў віншаванні Прэзідэнта.

«Шчыра вітаю ўсіх вас і дзякую за тое, што прынялі нашае запрашэнне на Юбілей 400-годдзя прыбыцця цудатворнага абраза Маці Божай у Будслаў. Асаблівым чынам вітаю Яго Эмінэнцыю кардынала Жана-Луі Тарана, якога папа Францішак прызначыў сваім пасланнікам на юбілейныя ўрачыстасці, — звярнуўся да прысутных Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. — Гэта знак вялікай павагі для Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і павагі да нашай краіны, гэта непасрэдная лучнасць са Святым Айцом, які праз свайго прадстаўніка знаходзіцца з намі». Таксама Мітрапаліт падзякаваў Прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку за прывітальнае слова і пажаданні.

Гамілію прамовіў легат Святога Айца кардынал Жан-Луі Таран. «Для мяне вялікая духоўная радасць быць тут ад імя папы Францішка», — сказаў кардынал і падзякаваў удзельнікам за тое, што яны ў такой вялікай колькасці прыбылі ў Будслаў.

Па словах легата Папы, «у Хрысце ўсе мы (...) утвараем адно цела». «Які ж ён прыгожы, гэты Касцёл, ва ўсёй сваёй разнастайнасці,— дадаў кардынал. — Сёння мы бачым, што Касцёл — гэта сям’я». «Папа Францішак пажадаў скіраваць мяне да вас, каб сказаць вам пра тое, як ён вам давярае, і каб заахвоціць вас заўсёды быць хрысціянамі, годнымі веры», — падкрэсліў іерарх.

Як адзначыў кардынал, цудатворны абраз Маці Божай Будслаўскай заўсёды, хоць часам і патаемна, спадарожнічаў жыхарам беларускай зямлі. Абраз быў падараваны папам Кліментам VIII і «такая асаблівая сувязь з Рымам набывае вялікае сімвалічнае значэнне: вернасць Папу Рымскаму была прычынаю жорсткіх ганенняў каталіцкіх вернікаў, а таксама неверагоднай трываласці з іх боку». Легат дадаў, што праз яго як свайго пасланніка Святы Айцец «жадае прысутнічаць тут, каб выказаць падзяку» за гераічнае мучаніцтва мінулых пакаленняў беларусаў дзеля веры і «запэўніць у тым, што ён любіць і паважае людзей Беларусі».

Кажучы пра Маці Божую, іерарх адзначыў, што «Марыя ведае нашы патрэбы, ведае, з чаго складаецца наша жыццё» і «заўсёды будзе з намі — „цяпер і ў хвіліну нашай смерці“». Марыя «вучыць нас маліцца», а маліцца — значыць «дазволіць Богу завалодаць нашым сэрцам».

Кардынал заахвоціў вернікаў, «гледзячы на тое, як Марыя дзейнічае ў Кане Галілейскай», быць «уважлівымі да патрэбаў і пажаданняў нашых братоў і сясцёр», «заўсёды спачуваць нашым бліжнім». Легат пажадаў, каб Маці Божая заўсёды чувала над Касцёлам, яго пастырамі і вернікамі, каб яны былі «адлюстраваннем Божага аблічча».

Марыя, дадаў кардынал, «сабрала слёзы беларускага народа, пралітыя на працягу ўсёй яго трагічнай гісторыі», але таксама Яна «адкрывае перад Касцёлам у Беларусі новыя далягляды, (...) пяшчотна туліць яго да сябе і паказвае мэты, якія нам неабходна дасягнуць». Іерарх заклікаў удзельнікаў будслаўскіх урачыстасцяў укленчыць перад цудатворным абразом, «каб праславіць Бога, які ёсць не што іншае, як любоў, і чыя „міласэрнасць трывае навекі“».

Поўны тэкст гаміліі кардынала>>>

Падчас Імшы легат Папы ад імя Святога Айца ўдзяліў усім прысутным, якія знаходзяцца ў стане ласкі, прынялі святую Камунію і вольныя ад прывязанасці да грахоў, Пантыфікальнае благаслаўленне, якое дае магчымасць атрымаць поўны адпуст.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч разам з усімі прысутнымі вернікамі прамовіў Акт прысвячэння Беларусі Беззаганнаму Сэрцу Найсвяцейшай Панны Марыі.

Таксама падчас літургіі адбылося ўрачыстае развітанне з рэліквіямі святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езус.

Затым адбылося гашэнне маркі, выдадзенай з нагоды будслаўскага юбілею. У цырымоніі прынялі ўдзел кардынал Жан-Луі Таран, Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч і старшыня Мінскага аблвыканкама Барыс Батура.

На заканчэнне літургіі прагучалі звароты старшыні Мінскага аблвыканкама Барыса Батуры, прадстаўніка Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Філарэта протаіерэя Аляксандра Шымбалёва і Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча.

Мітрапаліт узнёс падзяку Богу і Найсвяцейшай Панне Марыі за магчымасць святкаваць юбілейныя будслаўскія ўрачыстасці, падзякаваў кардыналу за цэлебрацыю святой Імшы, Апостальскаму Нунцыю ў Беларусі арцыбіскупу Клаўдыё Гуджэроцці за «вялікі ўнёсак у візіт легата Папы, падрыхтоўку і правядзенне будслаўскіх урачыстасцяў». Іерарх выказаў падзяку таксама ўсім прысутным.

На заканчэнне кардынал Жан-Луі Таран адзначыў: «Я павінен пераканаць Святога Айца Францішка ў тым, што ён павінен сюды прыехаць». «Тут я ўбачыў жывы Касцёл, які імкнецца ў будучыню», — дадаў легат Папы.

Анастасія Грышан

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.