Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сонца, дождж і вясёлка: арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч кансэкраваў касцёл у Беразінскім (+фота)
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
31.08.2013 21:54

31 жніўня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч кансэкраваў касцёл Божага цела ў Беразінскім. Калі мы прыехалі ў вёсачку з прыгожай назвай Беразінскае, свяціла сонейка…

Будова святыні ў Беразінскім была распачата ў 2010 годзе. Некалькі гадзін да пачатку ўрачыстасці я размаўляла з парафіянамі вёскі, якія з радасцю і слязьмі на вачах распавядалі пра тое, як усё пачыналася… Як жанчыны выкарчоўвалі яблынькі (касцёл пабудаваны на месцы саду), мужчыны прыбівалі цвікі, старыя дзядулі насілі цяжкія мяшкі з цэментам або цэглу (на жаль, многія з іх не дачакаліся радаснага дня асвячэння касцёла, адыйшоўшы у вечнасць)…

«Штукатурка, малярка, грунтоўка — гэта зроблена маімі рукамі. Шмат яшчэ трэба зрабіць, але мы ўсе вельмі ўдзячныя Богу і кс. Сяргею Бараўнёву — пробашчу парафіі за тое, што ёсць касцёл і ў нашай вёсцы і што старэнькім нашым парафіянам не трэба ездзіць у Маладзечна або ў Палачаны на Святую нядзельную Імшу», — пра гэта і многае іншае распавяла мне Ірына Руткоўская, сястра тэрцыярка Маці Божай Прыгожай Любові.

Ксёндз Сяргей Бараўнёў, якога потым падчас гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч назваў «spiritus movens» (што азначае дух, які натхняе), з усмешкай сустракаў усіх перад брамай касцёла: парафіянаў, пілігрымаў з Маладзечна, прадстаўнікоў улады, святароў, прадстаўнікоў іншых канфесій... І канешне, калі надышоў доўгачаканы момант, разам з парафіянамі сустрэў Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча.

 У гаміліі арцыбіскуп патлумачыў сэнс і сімволіку кожнай часткі «незвычайнага і даволі рэдкага набажэнства —– кансэкрацыі новага касцёла»: асвячэнне святой вадой на пачатку, урачыстае чытанне Божага слова, кансэкрацыя алтара праз малітву, памазанне алеем хрызма алтара і сценаў святыні, акаджэнне іх кадзілам, запаленне свечак і інш.

Арцыбіскуп сказаў, што муры касцёла яшчэ не з’яўляюцца знакам таго, што там жыве Бог. «Колькі касцёлаў было зачынена падчас ганенняў? Колькі сёння ў многіх краінах свету зачыняецца, бо людзі перастаюць верыць? Колькі касцёлаў заменена на музеі ці прызначана на іншыя мэты?» — запытаў Мітрапаліт. Праз пэўны час са слязьмі на вачах дадаў: «З радасці людзі плакалі, калі пасля трох пакаленняў ганенняў на нашай зямлі ізноў пачало абвяшчацца Евангелле. Абвяшчэнне Божага слова ёсць знакам нараджэння касцёльнай супольнасці, бо вера нараджаецца ад слухання, — як навучае святы апостал Павел. Мы сабраліся ў новым касцёле, каб прыняць Божае слова ў нашых сэрцах і дзякуючы гэтаму перамяніцца».

Іерарх падкрэсліў, што вельмі важна не толькі прыходзіць у касцёл на Імшу, але і прымаць святую Камунію, якая чыніць вернікаў адным целам з Хрыстом і яднае між сабой. «Нездарма гаворыцца, што Касцёл цэлебруе Эўхарыстыю, а Эўхарыстыя будуе Касцёл».

На заканчэнне Мітрапаліт дадаў: «Новы касцёл з цэглы пабудаваны, і сёння кансэкруецца. Цяпер мы павінны ў ім праз слуханне Божага слова і цэлебрацыю сакрамэнтаў, асабліва Эўхарыстыі, будаваць жывы Касцёл, цаглінамі якога з’яўляюцца нашы душы. Таму не забудземся сюды дарогі. Тут нас чакае Хрыстус, адзіны Збаўца свету. Спатканне з Ім дае веру, якая, як навучае папа Францішак у сваёй першай энцыкліцы “Lumen fidei” — “Святло веры”, свеціць у цемры і не дае нам заблудзіцца; дапамагае адрозніць дабро ад зла; асвятляе супольнае жыццё, пацяшае ў цярпеннях і вядзе да сапраўднага шчасця».

Поўны тэкст гаміліі можна прачытаць тут>>>

 


Пасля ўрачыстай літургіі ўсіх чакаў святочны канцэрт, на якім выступала моладзь з Беразінскага і з Маладзечна, гурт з пратэстанцкай царквы і інш.

 

Перад заканчэннем канцэрту пайшоў моцны дождж. У рытме кропляў мы паехалі ў Мінск. Падчас дарогі я даведалася, што мясцовыя жыхары распавядалі таксама аб тым, як у дзень асвячэння крыжа ля касцёла над месцам сённяшняй святыні з’явілася вясёлка…

Людміла Бурлевіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.