Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Асвячэнне пляцоўкі пад будаўніцтва санктуарыя і сакрамэнт канфірмацыі адбыліся ў мінскім мікрараёне Лошыца (+фота)
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
08.10.2013 12:05

7 кастрычніка ў мінскім мікрараёне Лошыца Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч асвяціў пляцоўку пад будаўніцтва санктуарыя Божай Міласэрнасці. Іерарх узначаліў у парафіі Маці Божай Ружанцовай урачыстую Імшу, падчас якой быў удзелены сакрамэнт канфірмацыі.

У парафіі адзначалася адпустовая ўрачыстасць ва ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай, таму асвячэнне пляцоўкі пад будаўніцтва санктуарыя адбылося менавіта ў гэты дзень.

У гаміліі, кажучы пра ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай, іерарх нагадаў, што гэты ўспамін адзначаецца ў кастрычніку, калі ў Касцёле асаблівым чынам праз малітву Ружанца ўшаноўваецца Маці Божая. Арцыпастыр адзначыў, што падчас сваіх аб’яўленняў Панна Марыя заклікала да ружанцовай малітвы, і ўсе апошнія Пантыфікі таксама заахвочвалі да яе.

Мітрапаліт нагадаў, што такое малітва Ружанца і з якіх частак яна складаецца. «Вельмі простая малітва святога Ружанца на самой справе з’яўляецца скарачэннем Евангелля. Прамаўляючы яе, мы разважаем над таямніцамі нашага збаўлення і атрымліваем надзею на жыццё вечнае, якім цешыцца Марыя», — дадаў арцыбіскуп.

Па словах іерарха, «Ружанец адыграў вялікую ролю ў захаванні веры і яе перадачы маладым пакаленням падчас ганенняў на Касцёл, якія працягваліся ў нашай краіне аж тры пакаленні». «У нас таксама нямала праблем і цяжкасцяў. Таму ў часы свабоды веравызнання і адначасова растучых пряўленняў секулярызму і амаральнасці Ружанец павінен застацца нашай духоўнай зброяй, якую нам нельга выпускаць з рук. Ружанец таксама павінен стаць аб’ядноўваючай нас малітвай», — падкрэсліў Мітрапаліт.

Кажучы пра асвячэнне пляцоўкі пад будаўніцтва санктуарыя Божай Міласэрнасці, арцыпастыр заўважыў: «Атрыманая два дзесяцігоддзі таму свабода веравызнання – гэта таксама бачны знак Божай міласэрнасці, якая, дзякуючы малітве, у тым ліку ружанцовай, цярпенням і ахвярам нашых продкаў, ахінула нас. Божая міласэрнасць – гэта вялікі дар і адначасова заданне. Бог працягвае нам руку сваёй дапамогі, але за яе неабходна ўхапіцца. (…) Жыццё без Бога і веры ў Яго не мае сэнсу і вядзе ў сляпы завулак».

Іерарх звярнуў увагу, што прыкладам захавання веры з’яўляецца Панна Марыя, а сакрамэнт канфірмацыі, які ўдзяляецца ў гэты дзень у парафіі ў Лошыцы, «павінен дапамагчы тым, хто яго прымае, стаць падобнымі да Марыі, каб заўсёды адкрывацца на дзеянне Святога Духа».

Літургія стала таксама выразам удзячнасці Богу за дзесяць гадоў служэння святароў з Кангрэгацыі святога Міхала Арханёла (міхаліты) у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і ў парафіі Маці Божай Ружанцовай.

«Вы прыйшлі сюды служыць з дэвізам святога Міхала Арханёла: “Хто ж як Бог!” — сказаў арцыбіскуп, звяртаючыся да міхалітаў. — Менавіта з такім воклічам ён пайшоў на барацьбу са збунтаваныі анёламі і іх перамог. З гэтым воклічам вы павінны ісці ў сучасны свет, каб перамагчы ў новым змаганні за веру, калі замест ідэалагічнага атэізму нам пагражае матэрыялістычны, калі абясцэньваюцца каштоўнасці Божага дару жыцця і парушаецца Творцам устаноўлены інстытут сям’і, калі дэвальвуюцца маральныя каштоўнасці на карысць амаральнага жыцця і безадказнай свабоды чыніць усё, што хочацца, калі ідэалогія бездухоўнасці індактрынуе чалавека так моцна, што ён жыве так, як быццам Бога зусім няма. (…) Няхай жа з вамі і даручанымі вашай духоўнай апецы вернікамі заўсёды будзе Бог».

Поўны тэкст гаміліі>>>

Падчас Імшы адбылося асвячэнне абраза св. Фаўстыны, дзякуючы якой свет атрымаў пасланне Езуса аб Божай Міласэрнасці (будучы санктуарый — Божай Міласэрнасці), і абраза бл. Яна Паўла ІІ.

На заканчэнне парафіяльнай урачыстасці па традыцыі, якая існуе ў парафіі Маці Божай Ружанцовай, дзеці выказалі віншаванні сваім маці з нагоды Дня маці, які адзначаецца ў гэтым месяцы. Маленькія парафіяне выступілі з невялікім канцэртам, а таксама падарылі сваім маці самастойна выкананыя выявы Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай.

Пробашч парафіі кс. Генадзь Кухарэвіч СSMA і вернікі падзякавалі Мітрапаліту Тадэвушу Кандрусевічу за асвячэнне пляцоўкі пад будучы санктуарый, за ўдзяленне сакрамэнту канфірмацыі і за перададзены парафіі абраз Езуса Міласэрнага, які будзе змешчаны ў санктуарыі. Як адзначыў пробашч, асвячэнне зямлі — гэта істотны крок у рэалізацыі задумы стварэння санктуарыя, якую меў яшчэ кардынал Казімір Свёнтэк. Па словах святара, зямля існуе для таго, каб прыносіць плён, і асвячэнне, якое адбылося ў гэты дзень, дасць свой духоўны плён у будучыні.

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.