5 сакавіка Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў Імшу ў архікатэдральным касцёле ў Мінску. У гэты дзень, Папяльцовую сераду, Каталіцкі Касцёл пачынае сёлетні Вялікі пост.
Падчас Імшы па традыцыі адбыўся абрад пасыпання галоваў вернікаў попелам як знак хуткаплыннасці чалавечага існавання, смутку, неабходнасці перамянення і ачышчэння перад Вялікаднем.
Звяртаючыся да вернікаў, Мітрапаліт падкрэсліў, што Вялікі пост з’яўляецца часам навяртання. Праз словы святара “Ты прах і ў прах вернешся”, якія прамаўляюцца падчас пасыпання галоваў попелам у гэты дзень, Касцёл “прыгадвае праўду ад тым, што на гэтай зямлі мы не маем пастаяннага месца прабывання, што наша зямное жыццё завершыцца і нашы целы ператворацца ў прах”. Аднак “хрысціянская вера вучыць, што са смерцю і ідучым за ёй ператварэннем нашых цел у пыл зямлі жыццё не завяршаецца, бо чалавек – гэта не толькі цела, але і несмяротная душа”, а таксама “праўда Уваскрасення Хрыста вучыць нас аб нашым уваскрасенні напрыканцы часоў”.
Па словах арцыпастыра, попел, якім пасыпаюцца галовы вернікаў падчас Імшы Папяльцовай серады, - напамін “зазірнуць у будучыню праз выпраўленне сучаснасці”. Мэтай Касцёла ў гэты дзень, як дадаў Мітрапаліт, з’яўляецца “дапамагчы чалавеку паглядзець на яго жыццё з перспектывы вечнасці”.
“У сучасным свеце імкненне да матэрыяльнага дастатку бачна паўсюль. Яно ва ўдыханні паветра і нават як быццам пранікае праз нашу скуру. Нездарма часамі вартасць таго ці іншага чалавека ацэньваецца яго матэрыяльным дастаткам. У той жа час Другі Ватыканскі Сабор навучае, што чалавек ацэньваецца не тым, што ён мае, але тым, кім ён ёсць, а менавіта Божым творам”, - адзначыў іерарх.
Арцыбіскуп распавёў гісторыю пра тое, як двое маладых людзей, хлопец і дзяўчына, часта прыходзілі ў касцёл і доўга сядзелі на лаўцы каля фігуры Божай Маці. Пробашч быў вельмі задаволены, што ёсць маладыя людзі, якія нават днём знаходзяць час, каб памаліцца, аднак пазней заўважыў, што яны прыходзілі ў касцёл, каб падзарадзіць мабільнікі.
“У пэўным сэнсе яны выкарыстоўвалі касцёл для сваіх карысных мэтаў, каб зэканоміць грошы на падзарадку. Але на самой справе ці заўважаем мы, што нашы духоўныя батарэі ў гомане сучаснага свету і штодзённым клопаце разрадзіліся? Ці ведаем, дзе мы іх можам падзарадзіць? Ці спяшаемся гэта ўчыніць?” – паставіў пытанні арцыпастыр.
“Ап’янелы поспехам навукі і тэхналогіі свет стаўся занадта самадастатковым і занадта ганарлівым, каб звяртацца да Бога з просьбай аб дапамозе, - звярнуў увагу Мітрапаліт. - У гэтым крыецца найвялікшая праблема сучаснага свету, якая вядзе да таго, што нашы духоўныя батарэйкі разраджаюцца і мы, называючы сябе хрысціянамі, на самой справе такімі не з’яўляемся. У той жа час менавіта Касцёл - тое месца, дзе мы можам нанова зарадзіць нашы духоўныя батарэйкі і аднавіць у сабе сапраўдны дух хрысціянства”. Поўны тэкст гаміліі>>>
Вялікі пост, па словах іерарха, з’яўляецца “найлепшым часам, каб гэта ўчыніць праз паяднанне з Богам і людзьмі”. (AG)
|