Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У першую нядзелю Вялікага посту Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч памаліўся з вернікамі Вілейкі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
09.03.2014 13:57

9 сакавіка, у першую нядзелю Вялікага посту, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў святую Імшу ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы. Мэтай візіту іерарха было памаліцца разам з мясцовымі парафіянамі, заахвоціць іх да шчырага перажывання Вялікага посту і ўдзяліць благаслаўленне.

Пробашч парафіі кс. Аляксандр Барыла ў прывітальным слове да Мітрапаліта адзначыў: “Ведаем, якім важным з’яўляецца благаслаўленне на выкананне абранай пастановы на час посту. Многія ўжо падыходзілі да святароў і прасілі падтрымаць іх у абранай духоўнай працы. А мы сёння гэтае благаслаўленне атрымаем з рук наступніка Апосталаў і нашага арцыпастыра”. Святар выказаў надзею, што Вялікі пост гэтага года стане для вілейскіх вернікаў “часам духоўнай адновы, умацавання веры і адкрыцця каштоўнасці малітвы”.

Мітрапаліт у гаміліі паразважаў над літургічным чытаннем гэтага дня, узятым з кнігі Быцця, якое распавядае пра “выпрабаванне вольнай волі першых людзей Адама і Евы ў раі”. “Мы ведаем, што чалавек вельмі часта знаходзіць вытлумачэнне злу, якое робіць. Адзін кажа, што нешта ўкраў, каб мець за што ўтрымаць сям’ю. Другі - што зрабіў шкоду іншаму, бо той яго пакрыўдзіў, - дадаў іерарх. - У раі, у Эдэмскім садзе, былі толькі дзве асобы – Адам і Ева. Яны мелі ўсяго пад дастаткам і ніхто не пагражаў іх жыццю. Яны не мелі недахопу ў ежы ці іншых патрабаваннях. Яны нават не заўважалі, што былі голымі. Звяры таксама ім не пагражалі. Адам і Ева былі створаныя як дасканалыя і адпавядаючыя адзін аднаму асобы. Нават сам Бог хадзіў разам з імі ў раі. Таму іх грахоўнае падзенне не мае ніякага вытлумачэння”.

”Справа ішла аб выбары Божай волі ці адмаўленні ад яе, - патлумачыў арцыпастыр. - Адам і Ева атрымалі магчымасць выбару. І яны выбралі. На жаль, не Божую, але д’ябальскую волю. І хаця плод забароненага дрэва не забіў іх, яны, аднак сталі смяротнымі, гэта азначае, што смерць стала пакараннем за іх неадпаведны выбар. У выніку нязгоды з Божай воляй яны грашаць і страчваюць рай. Аднак бязмежны ў сваёй міласэрнасці Бог не пакідае іх без надзеі”.

Па словах арцыбіскупа, з гэтага літургічнага чытання можна зрабіць выснову, што, “атрымліваючы ад Бога ўсё неабходнае для шчаслівага жыцця, чалавек усё ж такі выбірае непаслухмянасць адносна Божага закону”, і гэтая гісторыя “таксама актуальная ў наш час, калі чалавек не здае экзамену з выпрабавання свабодай”.   

”У адрозненне ад Адама і Евы ў нас ёсць веданне дабра і зла. Перад намі два варыянты нашага жыцця – даверыцца Богу ці не, - адзначыў Мітрапаліт. - Дастаткова ўспомніць дзесяць Божых запаведзяў, каб ведаць, чаго хоча ад нас Бог. Ён папярэджвае, што калі мы не згодзімся з Яго воляй, то памрэм. Таму паўстае пытанне: каму мы давяраем? Богу ці д’яблу? Калі Богу, то павінны старацца захоўваць Яго запаведзі”.

Поўны тэкст гаміліі>>>


Іерарх дадаў, што Вялікі пост, які распачаўся, з’яўляецца “добрым шансам зрабіць грунтоўны рахунак сумлення на прадмет таго, як мы выкарыстоўваем дадзеную нам свабоду дзяцей Божых, каму мы давяраем - Богу ці злому духу”. “У гэты час ласкі Бог дае нам шанс праявіць наш давер да Яго, каб перамагчы злога духа”, - падкрэсліў арцыбіскуп.

На заканчэнне Імшы кс. Аляксандр Барыла запэўніў Мітрапаліта ў тым, што мясцовыя парафіяне “заўсёды з хваляваннем і вялікай радасцю” чакаюць сустрэчы з арцыпастырам, і запрасіў іерарха надалей наведваць Вілейку.

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.