23 сакавіка, у ІІІ нядзелю Вялікага посту, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў парафію Святога Юзафа ў Крупках, дзе ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі. У парафіі адзначаўся адпуст.
Звяртаючыся да парафіян, Мітрапаліт нагадаў, што святому Юзафу, Абранніку Найсвяцейшай Панны Марыі, “Бог аб’явіў таямніцу Уцелаўлення свайго Сына, потым сказаў уцякаць ад караючай рукі Ірада ў Егіпет” – такім чынам, Юзаф “быў пасвечаны ў таямніцу нашага збаўлення і застаўся верным свайму пакліканню”, і “менавіта таму Святое Пісанне называе яго “мужам справядлівым” – такім чалавекам, які “жыве паводле Божага закону”.
Аналізуючы літургічнае чытанне Евангелля гэтага дня, якое прадстаўляе сустрэчу і размову Езуса з самаранкай ля студні, арцыпастыр адзначыў: “Людзі часта не ведаюць Бога і жывуць без Божай ласкі, якая з’яўляецца жыццядайнай вадой, і таму паміраюць ад духоўнай смагі, хаця на самой справе Бог і Ягоная жыццядайная ласка знаходзяцца вельмі блізка”. “Езус стаміўся, адчуваў смагу і хацеў піць. Ён просіць самаранку, каб дала Яму піць, бо ў яе быў збан, якім яна магла зачэрпнуць вады. Але на самой справе Ён хацеў чагосьці іншага. Ён прагнуў духоўнага адраджэння гэтай грэшнай жанчыны і яе збаўлення. Ён запрашае яе прыняць веру ў Яго, і яна прызнае ў Ім Месію, Збаўцу свету. (…) Папрасіўшы вады, Езус сказаў самаранцы, што можа даць ёй іншую ваду, якая стане крыніцай вечнага жыцця. Самаранка папрасіла такой вады, бо яна таксама мела смагу лепшага жыцця. Ёй патрэбна было прабачэнне і вызваленне ад сораму. Ёй патрэбны быў той, каму яна магла б давяраць. Патрэбны быў Месія! Яна Яго знайшла ў Езусе і сказала аб гэтым іншым людзям, якія таксама паверылі, што Ён сапраўдны Месія”, - дадаў Мітрапаліт, падкрэсліўшы, што “Езус Хрыстус – жывая вада, якая патрэбна кожнаму чалавеку”.
“Сучасны чалавек жыве так, як быццам Бога няма. Жыве так, як яму падабаецца. Ён хоча быць абсалютна свабодным і жыць без аніякіх абмежаванняў, у тым ліку нормаў Божага закону. Яго Богам становіцца не наш Творца, але багацці і прыемнасці, імкненне да славы і ўлады. Так часта таксама чыняць людзі, якія сябе называюць веруючымі. Такое хрысціянства не яўляецца сапраўдным. Гэта дэфармаванае і маральна хворае хрысціянства, - падкрэсліў іерарх. - Таму нярэдка сучасны свет з багатай гісторыяй хрысціянства называецца постхрысціянскім, у якім чалавек становіцца падобным да страціўшай веру, надзею і любоў евангельскай самаранкі. Аднак Езус вярнуў ёй усё гэта, бо яна даверылася Яму і прызнала ў Ім Месію”.
Па словах Мітрапаліта, падобнае павінны ўчыніць і сучасныя людзі, і “дапамагае ў гэтым нам Дух Святы, дары якога атрымліваем у сакрамэнце канфірмацыі”.
Звяртаючыся да прымаючых сакрамэнт канфірмацыі, арцыбіскуп нагадаў, што “Дух Святы перамяніў апосталаў, з баязлівых учыніў іх геральдамі веры”. “Падобнае Ён чыніць і з намі. Неабходна толькі дазволіць Яму дзейнічаць, каб нас перамяніць. Неабходна адкрыць дзверы нашых сэрцаў на Яго дзеянне, а Ён учыніць цуд нашага навяртання, як учыніў цуд навяртання грэшнай самаранкі. Ён таксама напоіць нас вадой Божай ласкі, каб мы маглі быць падобнымі да нашага нябеснага апекуна святога Юзафа”, - дадаў арцыпастыр. Поўны тэкст гаміліі>>>
Мітрапаліт падкрэсліў, што “Вялікі пост з’яўляецца вельмі добрай нагодай прыйсці да студні Езуса Хрыста і з яе напіцца жывой вады”, і пажадаў удзельнікам Імшы, каб словы Пісання “Душа мая прагне Бога жывога” сталі “праграмай нашага жыцця ў Вялікі пост, каб з чыстымі душамі прыйсці да радаснага свята Пасхі”.
(AG)
|