Прэс-канферэнцыя, прысвечаная Вялікадню, адбылася ў курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
15.04.2014 14:04 |
15 красавіка ў курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі прайшла прэс-канферэнцыя, прысвечаная Вялікадню. Прэс-канферэнцыя на гэты раз адбылася ў новым складзе: разам з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам у ёй удзельнічаў новапрызначаны дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. Па традыцыі перад вялікімі хрысціянскімі святамі – Божым Нараджэннем і Вялікаднем – Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч сустракаецца з журналістамі. Падчас прэс-канферэнцыі арцыбіскуп распавёў пра надыходзячыя велікодныя святы, а таксама згадаў пра найбольш важныя падзеі ў Касцёле ў Беларусі ў бягучым часе. У прыватнасці, іерарх нагадаў пра прызначэнне Папам Францішкам у канцы мінулага года трох новых беларускіх біскупаў. Таксама Мітрапаліт паведаміў, што з сённяшняга дня біскуп Юрый Касабуцкі прызначаны біскупскім дэлегатам у Магілёўскай вобласці, адначасова з’яўляючыся Генеральным вікарыем. 25-27 ліпеня, як паведаміў арцыбіскуп, у Івянцы адбудзецца чарговая малітоўная сустрэча моладзі. Іерарх нагадаў таксама яшчэ адну нядаўнюю падзею, важную для Касцёла ў Беларусі, - VIII Чэмпіянат Еўропы па міні-футболе сярод святароў, які праходзіў 24-28 лютага ў Лідзе і на якім каманда Беларусі заняла 4-е месца. Прадстаўнікі СМІ мелі магчымасць задаць пытанні Мітрапаліту і дапаможнаму біскупу. Між іншым, у біскупа Юрыя Касабуцкага пыталіся пра яго планы ў сувязі з прызначэннем біскупскім вікарыем у Магілёўскай вобласці. Па словах іерарха, там “сапраўды патрэбна актывізацыя душпастырскай дзейнасці”, важна, “каб святары адчулі сябе адзіным цэлым, неслі людзям Божае слова”. Таксама дапаможны біскуп выказаў надзею “будаваць братэрскія адносіны” з прадстаўнікамі ўсіх веравызнанняў на Магілёўшчыне. У Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча цікавіліся, ад чаго адчувае асаблівую радасць яго сэрца як пастыра, што найбольш яго натхняе і задавальняе з падзей мінулага года, а таксама сённяшняга часу. Іерарх адзначыў, у прыватнасці, што такіх падзей было нямала, асабліва ж падкрэсліў умацаванне Касцёла ў Беларусі дзякуючы прызначэнню трох новых біскупаў і такім чынам выражэнне ўвагі Святога Пасаду да Беларусі. “Мы ўсё робім для людзей, - дадаў арцыпастыр. – Дзякуй Богу, сёння нашы касцёлы не пустыя”. Арцыбіскуп падкрэсліў, што ў святыні сёння прыходзяць не толькі старэйшыя вернікі, але таксама шмат дзяцей, моладзі, – у сувязі з гэтым іерарх згадаў пра сёлетнюю Пальмовую нядзелю, пра малітоўнае чуванне моладзі ў вігілію Пальмовай нядзелі ў мінскай архікатэдры. Па словах Мітрапаліта, “інтэнсіўнасць рэлігійнага жыцця ў Касцёле ў Беларусі ўзрастае”. На заканчэнне арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч павіншаваў усіх прысутных з надыходзячымі велікоднымі святамі, пажадаўшы, каб пасхальная таямніца стала “часткай іх жыцця”. Анастасія Грышан |
Фотарэпартаж |