У Вялікі чацвер, 17 красавіка, у мінскім архікатэдральным касцёле адбылася Імша Хрызма, на якой сабраліся святары і кансэкраваныя асобы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, у ёй прыняў удзел Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.
Вялікі чацвер – дзень, калі Касцёл дзякуе Богу за ласку святарства. Імша Хрызма, падчас якой узгадваецца ўстанаўленне сакрамэнту пасвячэння, цэлебруецца толькі ў галоўных касцёлах і падкрэслівае сціслую еднасць дыяцэзіяльнага духавенства са сваім біскупам. Падчас гэтай Імшы асвячаецца алей хворых і алей хрызма, адбываецца аднаўленне святарскіх абяцанняў. Таксама святары моляцца за свайго біскупа, каб ён мог верна выконваць сваю пастырскую місію.
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, звяртаючыся да святароў і вернікаў, адзначыў, што ў гэты дзень Касцёл успамінае ўстанаўленне двух сакрамэнтаў: Эўхарыстыі і пасвячэння, і “як без святара няма Эўхарыстыі, так з Эўхарыстыі выплывае святарства”. Іерарх павіншаваў з гэтым “святам святара” прысутнае духавенства, падзякаваўшы за “адданае служэнне і ўнёсак у справу новай евангелізацыі, каб людзі жылі Хрыстовай праўдай на зямлі і прыйшлі да вечнага шчасця ў небе”.
У гаміліі Мітрапаліт прапанаваў паразважаць над тэмай малітвы — “вялікага Божага дару”, “размовы чалавека з Богам” — у жыцці і дзейнасці святара. Між іншым, іерарх нагадаў, што бягучы год у цыкле падрыхтоўкі да юбілею 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў у пастырскай праграме Касцёла ў Беларусі прысвечаны малітве, і маліцца павінны ўсе вернікі, але “найперш чалавекам малітвы павінен быць святар, як духоўны настаўнік людзей”. Арцыпастыр узгадаў наказ Езуса з Евангелля: “Будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны” (Мц 5, 48). “Быць дасканалым – азначае быць святым. А да дасканаласці вядзе малітва”, - дадаў іерарх і прапанаваў святарам адказаць сабе на пытанне: ці ўмеюць яны маліцца самі і ці моляцца, пры тым што паклкіаны быць для іншых “настаўнікамі малітвы”?
Па словах Мітрапаліта, падобна таму, як апосталы прасілі Езуса навучыць іх маліцца (пар. Лк 11, 1), так сёння многія падыходзяць з такой просьбай да святара. Аднак, дадаў арцыбіскуп, нельга навучыць іншых маліцца, калі “сам не з’яўляешся чалавекам малітвы”, таму святар “перш за ўсё павінен памятаць аб сваім галоўным заданні – абвяшчаць Божае слова – і аб малітве, абавязку, цесна звязаным з гэтым”.
“Малітва і пастырская дзейнасць непарыўна злучаны паміж сабой. Аднак тут таксама неабходна трымацца адпаведнага парадку. Перш за ўсё ў жыцці святара неабходна аднавіць адносіны паміж малітвай і дзеяннем. На жаль, часта мы з’яўляемся працаголікамі, вельмі актыўнымі ў розных галінах рэлігійнага і асабістага жыцця, захапляемся далёкімі ад духоўнасці хоббі, і ў той жа час забываемся аб малітве. Тады яна носіць або толькі фармальны характар, або знаходзіцца на другім плане. Нам неабходна такая малітва, падчас якой мы пазнаём Божую волю. Чыніць тое, што Бог нам скажа падчас малітвы. Так паступалі апосталы і святыя. Яны маліліся, каб пазнаць Божую волю, як дзейнічаць, - падкрэсліў Мітрапаліт. – Малітва павінна папярэджваць нашу пастырскую дзейнасць і прыняцце рашэння”.
Па словах іерарха, хоць часам “можа здавацца, што ўсё працягваецца так, як было раней, і што на малітве мы не атрымалі ніякага адказу”, на самой справе “гэта далёка не так: падчас малітвы мы даём магчымасць Богу выказаць Яго волю, каб потым прыняць адпаведнае рашэнне”, і “практыка паказвае, што чым больш часу мы праводзім на малітве, падчас якой просім Бога дапамагчы знайсці шлях для вырашэння той ці іншай праблемы, тым менш часу патрабуем для яе вырашэння”.
Асаблівае месца ў жыцці святара, як адзначыў іерарх, павінна мець малітва хадайніцтва за тых, хто даручаны пастырскай апецы духавенства. Прыклад такой малітвы пакінуў Езус: “Я за іх прашу. Не за ўвесь свет прашу, але за тых, каго Ты даў Мне, бо яны Твае” (Ян 17, 9). “Бог шчаслівы, калі хтосьці заступаецца за грэшніка”, - патлумачыў Мітрапаліт i заахвоціў святароў даверыць кожны дзень іх служэння Духу Святому, прасіць аб тым, каб стаць “чалавекам малітвы”, выконваючы волю Бога.
Таксама падчас Імшы прамовіў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, прывітаўшы ўсіх прысутных, узгадаўшы і пра дапаможнага біскупа Юрыя Касабуцкага, які ў гэты дзень цэлебраваў Імшу Хрызму ў катэдральным касцёле Магілёва. “Я хацеў бы, каб сёння да ўсіх вас дайшлі абдымкі Папы Францішка, - сказаў Апостальскі Нунцый. – Мы ўжо прызвычаіліся бачыць Папу Францішка, калі ён абдымае іншых, перадусім дзяцей і хворых. Я ўпэўнены, што калі б Папа быў тут, ён абняў бы кожнага святара з той самай моцай і тым самым цяплом”. Прадстаўнік Святога Айца павіншаваў і Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча з гэтым днём, нагадаўшы, што хутка той паездзе ў Рым на кананізацыю Яна Паўла ІІ, і пажадаўшы, каб гэтая пілігрымка стала для Мітрапаліта “благаслаўленнем, бо мець яшчэ аднаго заступніка, прызнанага Касцёлам, - гэта як убачыць сваіх бацькоў, якія стаяць блізка Бога”.
“Дарагія святары, дазвольце ў гэты момант гаварыць італьянскаму сэрцу, - звярнуўся арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці да духавенства. – Дазвольце выказаць тое, што адчувае гэтае сэрца, перажываючы літургію”. Іерарх падкрэсліў, што беларускім святарам “вельмі пашанцавала”, бо ў іх “ёсць народ, які мае густ літургічнай мовы”, а так “не заўсёды бывае ва ўсім свеце”. “На гэтай зямлі людзі моляцца – моляцца, калі яны адны, моляцца, калі разам, моляцца пад вашым кіраўніцтвам, і ў гэтай малітве ёсць элегантнасць і прыгажосць, - дадаў Апостальскі Нунцый. – Ваша заданне – быць настаўнікамі і слугамі гэтай малітвы”.
Іерарх папрасіў дазволу зрабіць таксама “маленькую заўвагу, якая можа здавацца крыху незвычайнай”. “Усе мы грэшнікі, хто больш, хто менш, але калі святар цэлебруе літургію, ён павінен забыцца пра ўласныя грахі, - звярнуў увагу арцыбіскуп. – Ён вырашыць праблемы свайго жыцця, сваёй душы ў іншы час, але ў літургіі святар павінен быць цалкам шчаслівым, што ён з’яўляецца сэрцам, рукамі і вуснамі Хрыста; адчуваць гонар, прывілей гэтага дару, які ён атрымаў; адчуваць, што быў пасланы да народа як знак Хрыста Збаўцы”. "І гэта ваша школа святасці", - дадаў прадстаўнік Папы.
“Штодзённа мы ажыццяўляем прысутнасць Хрыста ў супольнасці, - нагадаў духавенству Апостальскі Нунцый, - бачым кантраст паміж вялікасцю літургіі, якую цэлебруем, і ўласнай недасканаласцю”. Па словах арцыбіскупа, адной з магчымых рэакцый на гэта з боку святара можа стаць тое, што святар пачне думаць: “Важна, каб я не паказваў нікому свае грахі”. Але, адзначыў іерарх, “Божы люд вельмі добра ўсё адчувае”, “заўважаецца, што святар далёкі ад таго, што ён выконвае”, што бачна ў "незасяроджанасці", "механічным выкананні функцый", ператварэнні святара ў “машыну для цэлебрацыі”, калі гэта “не закранае яго жыцця”.
Другая ж магчымая рэакцыя – гэта, па словах Апостальскага Нунцыя, калі святар, “усведамляючы ўласныя грахі, акунаецца ў мора Божай міласэрнасці і дазваляе, каб яго абмывала цэлебрацыя, у якой ён удзельнічае”: такі святар сапраўды “стаіць перад сваім Богам”, і так “нараджаецца сапраўдная пакора, усведамленне таго, што святар – першы са збаўленых і першы з тых, хто патрабуе збаўлення”; адсюль “нараджаецца штодзённае навяртанне”. Ад імя Папы арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці папрасіў духавенства жыць менавіта гэтым другім падыходам да разумення святарства.
“Сёння ўсе вы памятаеце, што з’яўляецеся адным святарскім целам, корпусам, нават калі знаходзіцеся кожны ў сваёй парафіі, - дадаў Апостальскі Нунцый. – У той момант, калі ваш брат патрабуе дапамогі, - яго збаўленне залежыць ад вас; калі ваш брат перажывае цяжкасці, калі ён маральна слабы – вы можаце даць яму сваю руку, каб дапамагчы”. “Мы, біскупы і святары, адказныя адзін за аднаго, - заўважыў іерарх. – Віна іншага – гэта і мая віна, поспех іншага – гэта і мой поспех”. Прадстаўнік Папы пажадаў, каб біскупы і святары адчувалі сябе “адным целам і Хрыстовай нявестай, якой з’яўляецца Касцёл”, каб пазней, у небе, Хрыстус сказаў ім: “У сваім жыцці ты стаяў на бруднай зямлі, і на такой жа зямлі стаяў твой сябар. Але ты даў яму руку, і вы разам вырваліся з бруду”. Арцыбіскуп ад імя Папы сказаў святарам “дзякуй” за іх служэнне.
Пасля Імшы адбылася пастырская сустрэча духавенства архідыяцэзіі. Падчас сустрэчы, між іншым, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў святарам за працу ў час Вялікага посту, за правядзенне рэкалекцый, удзяленне сакрамэнту пакаяння, адведванне хворых, арганізацыю малітоўных чуванняў моладзі. Таксама іерарх прадставіў прысутным асноўныя аб’явы на бліжэйшы час. Між іншым, кажучы пра святкаванне Вялікадня, арцыбіскуп нагадаў, што сёлета тэлетрансляцыя Імшы пасхальнай вігіліі адбудзецца з віцебскай катэдры; запрасіў святароў таксама на Імшу пасхальнай вігіліі ў мінскай архікатэдры. Іерарх паведаміў, што ў Вялікую пятніцу пачынаецца Навэнна да Божай міласэрнасці, у гэтым годзе яна прысвечана кананізацыі Яна Паўла II.
Нагадваючы пра асвячэнне мазаікі абраза Маці Божай Будслаўскай у Назарэце, прадугледжанае 28 чэрвеня, і агульнабеларускую пілігрымку на Святую Зямлю з гэтай нагоды, іерарх папрасіў святароў аб’яўляць аб гэтым вернікам, каб яны маглі запісацца ў пілігрымку і быць удзельнікамі “гэтай гістарычнай падзеі”. Пробашч парафіі Святых Сымона і Алены ў Мінску кс. Уладзіслаў Завальнюк зачытаў спецыяльны ліст Мітрапаліта да ўсіх святароў Беларусі з гэтай нагоды.
Мітрапаліт паведаміў, што 23 красавіка дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі адзначае імяніны і запрашае ў 18.30 на Імшу ў мінскай архікатэдры. Таксама Мітрапаліт выказаў ксяндзу Валянціну Станкевічу спачуванні ў сувязі са смерцю яго бацькі Баляслава Станкевіча і заклікаў маліцца за душу спачылага. Наступная пастырская сустрэча адбудзецца 29 мая ў Радашковічах.
Анастасія Грышан
|