Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рэзурэкцыйная Імша ў мінскай архікатэдры: “Праз Пасхальную таямніцу Хрыстус учыніў нас свабоднымі і духоўна нeсмяротнымі” (+фота)
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
20.04.2014 10:25

20 красавіка, ва ўрачыстасць Вялікадня, мінскія католікі сабраліся на рэзурэкцыйнай Імшы ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Звяртаючыся да вернікаў, арцыпастыр пажадаў ім у гэтае вялікае хрысціянскае свята “быць пасхальнымі феніксамі”. “Грэчаскі паэт Гесіёд, які жыў за восем стагодззяў перад Нараджэннем Хрыста, напісаў паэму пра фенікса. У ёй ён нагадвае аб тым, як птушка фенікс, адчуваючы блізкую смерць, з пахучых галінак дрэў будуе гняздо, потым яго падпальвае і згарае ў ім. Аднак з попелу вылятае новы фенікс. Такім чынам фенікс сімвалізуе несмяротнасць, уваскрасенне і новае жыццё”, - распавёў Мітрапаліт, дадаўшы, што гісторыя фенікса “прыпамінае пасхальнае пасланне”: “Езус аддаў сваё жыццё і ўваскрос, новае жыццё ўзнікла са смерці”.

“Сёння акурат мы і азначаем перамогу Хрыста над смерцю – гэты дар вечнага жыцця для веруючых у Хрыста”, - падкрэсліў іерарх, адзначыўшы, што “кожны дзень Хрыстус падымае нас з попелу нашых грахоў да новага жыцця”.

Па словах арцыбіскупа, “каб убачыць і паверыць, неабходна мець сэрца, якое любіць і якое ведае, што яно таксама ахоплена любоўю”, а “хто зведвае ў глыбіні сэрца любоў Езуса, той можа паверыць ва Уваскрасенне”.

Нагадваючы пра розныя спосабы, якімі прыйшлі да веры ва Уваскрасенне вучні Езуса, бо “Бог ставіць на іх жыццёвым шляху розныя знакі”, Мітрапаліт звярнуў увагу, што “таксама і сёння Езус прадстаўляе нам знакі свайго Уваскрасення.”: “адны знаходзяць яго ў Святым Пісанні”, “іншыя ў сакрамэнтах ці падчас малітвы”, “яшчэ іншыя ў гістарычных падзеях, што асабліва важна нам”.  “Праз Пасхальную таямніцу смерці і Уваскрасення Хрыстус учыніў нас свабоднымі і духоўна нeсмяротнымі”, - дадаў іерарх.

Поўны тэкст гаміліі>>>

Мітрапаліт павіншаваў са “святам святаў” католікаў, праваслаўных, усіх хрысціян і ўсіх людзей добрай волі. “Езус аддаў сваё жыццё і ўваскрос за ўсіх людзей”, - нагадаў арцыпастыр.

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.