Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у велікодны панядзелак: “Нішто і ніхто не можа перамагчы пасланне Пасхі, бо Хрыстус перамог смерць і зло”
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
21.04.2014 20:29

“У цяжкіх хвілінах нашага жыцця, падчас нашых асабістых Вялікіх пятніц, нам неабходна памятаць аб Уваскрасенні. Як пасля заходу сонца наступае яго ўсход, так і пасля падзенняў і жыццёвых цяжкасцяў Хрыстус вядзе нас да паўстання да новага жыцця, у якім мы павінны дзяліцца з іншымі праўдай Яго Уваскрасення”, - адзначыў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч на Імшы 21 красавіка, у велікодны панядзелак. Імша адбылася ў мінскім касцёле святых Сымона і Алены.

Арцыпастыр у гаміліі звярнуў увагу вернікаў на чытанне Евангелля на гэты дзень, у якім распавядаецца, як кіраўнікі габрэйскага народа падкупілі вартаўнікоў гробу Езуса і наказалі ім гаварыць, што Ягоныя вучні выкралі Яго цела і Уваскрасення не было.

“Гісторыя, аднак, не ўспамінае, каб вартаўнікі былі пакараныя. Акрамя гэтага, Евангелле распавядае аб тым, што апосталы, бачачы пераслед Езуса, паўцякалі з Ерузалема і таму натуральна, што не маглі выкрасці Яго цела. Аднак тыя ж самыя апосталы пасля Спаслання Святога Духа смела абвяшчалі Добрую Навіну. Евангелле і іншыя гістарычныя дакументы прадстаўляюць шмат фактаў Уваскрасення Хрыста. Езус паказваўся апосталам і разам з імі спажываў пасілкі. Яго бачылі многія сотні людзей. Евангеллі распавядаюць аб тым, што першымі сведкамі Уваскрослага Хрыста былі жанчыны. Гэта вельмі важна, маючы на ўвазе тое, што ў тыя часы яны не маглі быць сведкамі на судзе. Аб Уваскрасенні Езуса ўспамінаюць таксама і гістарычныя дакументы”, - адзначыў Мітрапаліт у абвяржэнне гэтага.

Аднак для хрысціян, па словах іерарха, важна перш за ўсё “падыходзіць да справы Уваскрасення Езуса з пазіцыі нашай веры”. “Мы верым не таму, што можам нешта даказаць, але таму, што так аб’яўлена Богам. Вера – гэта Божы дар, і тое, што Ім пададзена да веравання, з’яўляецца праўдзівым, бо Бог не можа хлусіць. У адваротным выпадку Ён не быў бы Богам, - адзначыў арцыбіскуп. - Хрысціянская вера таксама базуецца на падзеях, якія мелі месца і якія могуць быць засведчаны верагоднымі сведкамі. У гэтым сэнсе вера ва Уваскрасенне Хрыста базуецца на гістарычных фактах. Хаця ніхто не быў напасрэдным сведкам Яго Уваскрасення, гэта азначае не бачыў самога факту Уваскрасення, але многія бачылі Яго Уваскрослага. І такога сведчання дастаткова для нашай веры”.

Мітрапаліт дадаў, што “Уваскрасенне Хрыста з’яўляецца крыніцай хрысціянскай надзеі і вядзе нас да новага быцця, бо патрабуе кардынальнай змены нашага жыцця, а менавіта ўваскрасеня з нашых грахоў”.

“Мы хочам бачыць нашымі вачыма, перад тым як паверым. Але мы маем што бачыць. Найлепшым сведчаннем ёсць адраджэнне Касцёла пасля трох пакаленняў пераследу. Толькі сучасны чалавек не заўсёды ўжо памятае аб тых цяжкіх часах. Яго больш вабіць свет са сваімі абяцаннямі, чым праўда веры”, - заўважыў арцыпастыр.

Па словах іерарха, “як пасля заходу сонца наступае яго ўсход, так і пасля падзенняў і жыццёвых цяжкасцяў Хрыстус вядзе нас да паўстання да новага жыцця, у якім мы павінны дзяліцца з іншымі праўдай Яго Уваскрасення”.

“Нішто і ніхто не можа перамагчы пасланне Пасхі, бо Хрыстус перамог смерць і зло, - падвёў выснову Мітрапаліт. - І мы, як Ягоныя вучні, з Ягонай дапамогай можам і павінны іх таксама перамагчы”.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.