Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Два розныя Папы, якімі захапляўся Касцёл і ўвесь свет: у Мінску падзякавалі за кананізацыю Яна ХХІІІ і Яна Паўла ІІ (+ фотарэпартаж)
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
18.05.2014 21:46

18 мая 2014 г., у 94-ю гадавіну нараджэння св. Яна Паўла ІІ, у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася Імша падзякі за яго кананізацыю. Імшу ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

Папа Ян Павел ІІ быў кананізаваны 27 красавіка, у нядзелю Божай Міласэрнасці, разам з Папам Янам ХХІІІ.

У Імшы падзякі прынялі ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, святары, кансэкраваныя асобы, мінскія вернікі, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч на пачатку Імшы нагадаў, што 94 гады таму ў невялікім польскім горадзе Вадавіцы нарадзіўся хлопчык, якому далі імя Караль. Пазней ён пайшоў у падпольную семінарыю, стаў святаром, затым біскупам, кардыналам, а ў 1978 г. стаў вядомы свету як Папа Ян Павел ІІ. Гэты Пантыфік, па словах Мітрапаліта, «унёс у жыццё новы подых – подых Другога Ватыканскага Сабору», «стаў голасам тых, хто не мог прамаўляць», «шмат учыніў для развіцця сацыяльнай справядлівасці», быў чалавекам «вельмі шырокага погляду, які клапаціўся аб міры ў свеце, дыялогу паміж канфесіямі, рэлігіямі».

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узгадаў, як сустракаўся з Янам Паўлам ІІ за месяц да яго смерці. Тады, калі сённяшні Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі служыў у Расіі, Папа, якому заставалася быць на зямлі месяц, спытаўся ў яго: «Што чуваць у Маскве?»

Іерарх дадаў, што «Бог паклікаў Яна Паўла ІІ да сябе акурат у вігілію свята Божай Міласэрнасці ў 2005 г.», а сёлета ў свята Божай Міласэрнасці Папа Францішак кананізаваў яго разам з «яшчэ адным вялікім Пантыфікам – Янам ХХІІІ». «Кананізацыя гэтых двух Папаў – як быццам пацвярджэнне актуальнасці вучэння Другога Ватыканскага Сабору, – адзначыў Мітрапаліт. – Сёння мы прыйшлі на гэтую Імшу, каб прасіць заступніцтва Яна Паўла ІІ і Яна ХХІІІ».

Апостальскі Нунцый узгадаў, што менавіта Ян Павел ІІ удзяліў яму біскупскае пасвячэнне, і прызнаўся, што, рыхтуючыся да гэтай Імшы, думаў над тым, што асабліва могуць сказаць гэтыя два святыя менавіта ў дадзеным геаграфічным месцы, у Беларусі.

Два гэтыя святыя Пантыфікі, як заўважыў арцыбіскуп, — «дзве розныя постаці», якімі "захапляўся не толькі Касцёл, але і ўвесь свет". Па словах Апостальскага Нунцыя, характэрнай рысай Яна ХХІІІ была «радасць жыцця і веры ў Хрыста». Яго вера, як дадаў арцыбіскуп, павяла яго вельмі далёка, дазволіла пераступіць многія бар’еры таго часу. Гэты Папа, як адзначыў іерарх, хоць і быў вельмі далікатным чалавекам, аднак змог праявіць у тыя часы голас Касцёла.

Арцыбіскуп падкрэсліў, што Ян ХХІІІ меў адкрытае для ўсіх сэрца, а таксама меў вялікую надзею. Апостальскі Нунцый прыгадаў яго словы на адкрыццё Другога Ватыканскага Сабору, дзе Папа кажа, што "недаверлівыя душы не бачаць нічога іншага, акрамя цемры, якая прыгнятае аблічча зямлі"; "нам жа. наадварот, падабаецца пацвердзіць усю нашу надзею ў Збаўцы нашым". Падобнае, як заўважыў прадстаўнік Святога Айца, адчуваецца і ў словах Яна Паўла ІІ на распачацце яго Пантыфікату. Арцыбіскуп заахвоціў прысутных услухацца ў гэтыя словы ўважліва, бо яны асабліва важныя для беларусаў: Ян Павел ІІ заклікаў тады «не баяцца», «адчыніць дзверы Хрысту», «адчыніць межы эканамічных, палітычных сістэм».

Па словах Апостальскага Нунцыя, «вера ў Хрыста, Збаўцу свету, прывяла да адкрыцця дзвярэй Касцёла і свету» і да вялікіх змен у розных сферах, і абодва Папы прынялі ў гэтым удзел. Іерарх звярнуў увагу, што Ян Павел ІІ адчуваў сябе славянінам, вельмі ганарыўся гэтым і напісаў энцыкліку «Slavorum Apostoli» («Апосталы славян»), прысвечаную святым Кірылу і Мятоду, тым самым хочучы паказаць, што гэтыя святыя могуць быць фундаментам для ўсяго Касцёла і ўсіх людзей. Апостальскі Нунцый узгадаў таксама малітву, якой заканчваецца гэтая энцыкліка і ў якой Пантыфік, у прыватнасці, піша: «Увесь Касцёл дзякуе Табе, які паклікаў славянскія народы да навяртання ў веры, за гэты шчодры ўклад, які ўнеслі яны ў агульны здабытак…»

Узгадаўшы пра ўкраінскі канфлікт, арцыбіскуп падкрэсліў той момант, які яднае двух гэтых Папаў, – іх зацікаўленасць у міры. Іерарх нагадаў, што ў той час, калі СССР і ЗША рыхтавалі зброю адзін супраць аднаго, Ян ХХІІІ адважыўся даслаць ліст Мікіту Хрушчову, які потым быў надрукаваны ў газеце “Правда”, просячы ўвагі да міру ў свеце. У лісце гаворыцца, у прыватнасці, пра "страх сярод мільёнаў сем'яў", пра тое, што Касцёл будзе працаваць дзеля ажыццяўлення мэты - міру і братэрства; гучыць заклік да тых, хто кіруе светам, не быць глухімі да крыку чалавецтва і зрабіць усё магчымае, каб захаваць мір. "Спрыяць, падтрымліваць, прымаць дыялог на ўсіх узроўнях і ў любы час - гэта закон мудрасці і разважлівасці, які заклікае бласлаўленне неба і зямлі", - узгадаў словы Пантыфіка Апостальскі Нунцый.

Кажучы пра Яна Паўла ІІ, арцыбіскуп адзначыў, што гэты Папа «вельмі добра ведаў жорсткасць атэістычнага перыяду, лічыў глыбокай несправядлівасцю парушэнне свабоды». «Працаваўшы з ім, я добра памятаю, як моцна ён верыў у свабоду», – дадаў Апостальскі Нунцый. 

Арцыбіскуп узгадаў словы Яна Паўла ІІ пра тое, што вайна – святатацтва і злачынства супраць чалавецтва; што ніколі не позна, каб зразумець адзін аднаго і працягваць размовы. Прадстаўнік Святога Айца дадаў, што і Папа Францішак таксама заклікае да міру, напрыклад, пішучы сірыйскім палітычным лідарам.

Поўны тэкст прамовы арцыбіскупa Клаўдыё Гуджэроцці>>>

Звяртаючыся да вернікаў, Апостальскі Нунцый падкрэсліў, што ніхто не зможа забраць у іх веру, «тыя, хто спрабаваў зрабіць гэта на працягу вякоў, зніклі, але вера засталася». Арцыбіскуп папрасіў у малітве святых Яна ХХІІІ і Яна Паўла ІІ дапамагчы «адчыняць дзверы надзеі», дапамагчы мець мужнасць, «плаціць асабіста за тое, калі спатрэбіцца, каб кіравалі ў свеце справядлівасць, супакой, свабода».

Анастасія Грышан

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.