Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч асвяціў у Барысаве капліцу і вуглавы камень для будоўлі новага касцёла (+фота) |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
25.05.2014 14:08 |
25 мая, у VI Велікодную нядзелю, у Барысаве была асвячана капліца і вуглавы камень для будоўлі новага касцёла Спаслання Святога Духа. Асвячэнне здзейсніў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Пачатак будаўнiцтву касцёла Спаслання Святога Духа быў пакладзены 25 сакавiка, ва ўрачыстасць Звеставання Пана, калі дапаможны бiскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі асвяцiў пляц пад пабудову. Гэтая каталiцкая святыня будзе другой па ліку ў Барысаве. Набажэнства гэтага дня стала новым этапам для падрыхтоўкi галоўнага свята парафii – Cпаслання Духа Святога, якое адбудзецца праз два тыднi. Напачатку была асвячана каплiца з адмысловым упрыгожваннем у алтарнай частцы, сiмвалiзуючым Спасланне Духа Святога на апосталаў, выкананым праз кс. Тадэвуша Шэшку, пробашча i кусташа санктуарыя Мацi Божай Лагiшынскай, i дырэктара Дома мiласэрнасцi Аляксандра Фядковiча. Звяртаючыся да вернікаў падчас Імшы, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў, што ў наступны чацвер Касцёл будзе святкаваць урачыстасць Унебаўшэсця Хрыста. “Бог Айцец паслаў свайго Сына ў наш свет з місіяй яго збаўлення. І натуральна, што пасля завяршэння гэтай місіі Ён вяртаецца ў дом свайго Айца. Аднак Хрыстус не пакінуў нас адных. Ён заснаваў Касцёл і паслаў Духа Святога, каб ім кіраваў”, - адзначыў іерарх. Падзея асвячэння капліцы і вуглавога каменя касцёла ў парафіі Спаслання Святога Духа з’яўляецца, па словах арцыпастыра, “яшчэ адным доказам таго, што Дух не пакідае Касцёл без сваёй апекі і дапамогі”. Мітрапаліт дадаў, што “Святы Дух таксама вядзе па жыцці кожнага хрысціяніна, калі ён адкрыты на Яго дзеянне”. Арцыбіскуп падкрэсліў, што “вера павінна быць ажыўлена Духам Хрыстовым, каб быць падобнымі да Яго”, а калі “чалавек любіць Бога, то будзе захоўваць Яго запаведзі”. “Нават тады, калі здаецца, што ўсё безнадзейна, Бог знаходзіць спосаб здзівіць нас і быць з намі нават у найбольш аддаленых месцах. Бог ніколі не пакідае нас адных. Наадварот, гэта мы перастаём верыць у Яго, які нас любіць больш, чым мы самі сябе. І ў гэтым крыецца самая вялікая праблема”, - заўважыў іерарх. На ўрачыстасцi прысутнiчалi святары, якiя неслi служэнне ў парафii i
сваёй ахвярнасцю, клопатам i цярпеннем садзейнiчалi нараджэнню,
станаўленню парафii, распачыналi справу будаўнiцтва каплiцы i касцёла.
Лiсты падзякi з рук Мітрапаліта атрымалi ксёндз Юзаф Пятушка MIС, ксёндз
Аляксандр Тарасевiч, ксёндз Адам Дынак, ксёндз Уладзiслаў Лазар. Юзаф
Зубовiч, як найбольш адданы парафiянiн у справах новабудоўлi святынi, з
рук арцыбiскупа атрымаў папскi ружанец і медаль Яна Паўла II. Словы
падзякi i ўзнагароды за самаадданае служэнне атрымалi i iншыя ахвярныя
парафiяне. “Дзякуй Богу, уся зямля, бо сапраўды вялiкiя рэчы Ён творыць на нашых вачах! Мы з'яўляемся сведкамi вялiкiх рэчаў, сведкамi адраджэння Касцёла на нашай зямлi!” – адзначыў Мітрапаліт. Словы асаблівай удзячнасці іерарх перадаў парафiям, якiя далучылiся да справы новабудоўлi i аказалi грашовую дапамогу: Святых Сымона i Алены ў Мiнску, Iмя Найсвяцейшай Панны Марыi ў Мiнску, Святога Роха ў Мiнску, Узвышэння Святога Крыжа ў Вiлейцы, Св. Андрэя Баболi ў Полацку, Узвышэння Святога Крыжа ў Лiдзе, Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыi Панны ў Лiдзе, Мацi Божай Анёльскай у Гродне, Святых Апосталаў Пятра i Паўла ў Iўi, Узвышэння Святога Крыжа ў Шаркаўшчыне, Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыi Панны ў Дзераўной, Святой Тройцы ў Глыбокiм, Iмя Найсвяцейшай Панны Марыi ў Ганцавiчах, Божага Цела ў Нясвiжы, Св. Антонiя з Падуi ў Слуцку. (AG) |
Фотарэпартаж |