Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У парафіі ў Крывічах адбылося асвячэнне алтара
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
07.06.2014 18:40

7 чэрвеня, у вігілію ўрачыстасці Спаслання Духа Святога, у парафіі Св. Андрэя, апостала, у Крывічах адбылося асвячэнне адноўленага алтара, амбоны і абраза, на якім прадстаўлены Маці Божая і св. Сыман дэ Рояс. Асвячэнне здзейсніў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Мітрапаліт падкрэсліў, звяртаючыся да прысутных на ўрачыстай Імшы, што алтар з’яўляецца “збаўчым месцам дзеяння Святога Духа”. “Дзякуючы дзеянню Святога Духа Касцёл цэлебруе сакрамэнты як бачныя знакі нябачнай Божай ласкі. Сярод гэтых знакаў цэнтральнае месца належыць Эўхарыстыі, якая з’яўляецца ўспамінам і некрывавым ажыццяўленнем крыжовай ахвяры Хрыста, а таксама хлебам вечнага жыцця. Цэлебрацыя ж Эўхарыстыі адбываецца на алтары”, - сказаў іерарх.

Арцыбіскуп дадаў, што алтар з’яўляецца “цэнтрам святыні, вакол якога збіраецца народ Божы падчас цэлебрацыі Эўхарыстыі”, з’яўляецца “сімвалам Хрыста, прысутнага сярод вернікаў як ахвяра за нашы грахі і як хлеб вечнага жыцця”.

Мітрапаліт звярнуў увагу, што абрад асвячэння алтара з’яўляецца “адным з найбольш значных у літургіі Касцёла, бо гэта месца, на якім цэлебруецца Эўхарыстыя і дзе мы асаблівым чынам адчуваем прысутнасць Бога і Яго дзеянне”.

“У сваім Евангеллі Езус шмат разоў кажа аб запрашэнні на Божы банкет. Яго запрашэнне не надрукавана на прыгожай паперы і не накіравана толькі да выбраных. Яно распаўсюджваецца на ўсіх, незалежна ад іх сацыяльнага статусу, адукацыі, здольнасцяў і г.д. Са старонак Евангелля яно накіравана таксама і да бедных, сляпых і кульгавых, хворых і прабываючых у турботах, - адзначыў арцыпастыр. - Запрошаныя – гэта тыя, якія на першае месца ставяць не саміх сябе і свае магчымасці, але Бога. Гэта пакорныя людзі, якія прызнаюцца ў сваіх недахопах і спяшаюцца з дапамогай да іншых. Яны таксама ўсведамляюць, што зведваюць шчодрасць Хрыста не дзякуючы сваім заслугам, але як Божы дар, якім з’яўляецца любоў, што змяняе нас і чыніць годнымі спаткання са Збаўцам”.

Поўны тэкст гаміліі>>>

Мітрапаліт заклікаў вернікаў “не забывацца дарогі да гэтага алтара, на якім нараджаецца Збаўца, на якім Ён аддае сябе ў ахвяру за нашы грахі і адкуль корміць нас хлебам вечнага жыцця”.

(AG)

 


 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.