Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Тры жыцці – тры пакліканні: тры новыя святары ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
22.06.2014 02:22

21 чэрвеня ў архікатэдральным касцёле імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску падчас святой Імшы тром дыяканам было ўдзелена прэзбітэрскае пасвячэнне Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам.

У гэты дзень святарамі сталі: Раман Суша, што паходзіць з парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы, які скончыў Міждыяцэзіяльную Вышэйшую Духоўную семінарыю ў Пінску; Андрэй Калядка, з парафіі св. Вацлава ў Ваўкавыску, што скончыў Архідыяцэзіяльную Вышэйшую Духоўную семінарыю ў Беластоку (Польшча); Юзаф Сярпейка з парафіі Св. Міхала Арханёла, што скончыў Арцыбіскупскую Вышэйшую Духоўную семінарыю ў Шчэціне (Польшча).

 

 

Для Беларусі гэта вельмі важная падзея, якую арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у сваёй гаміліі назваў “знакам дынамізму жыцця Мінска-Магілёўскага Касцёла”.

Гэта падзея была вельмі значнай і асаблівай для блізкіх і родных з сённяшняга дня “ўжо святароў”.  Родзічы і знаёмыя ахвотна скіравалі сваё слова “пра” і “да” новых працаўнікоў жніва Пана – сваіх сыноў, братоў, пляменнікаў:
eСвятар Андрэй Калядка

 

Пётр Калядка, бацька кс. Андрэя Калядкі: “Ад усяго сэрца віншую і вельмі рады гэтаму дню. Прамінуў не адзін дзень працы і незаўсёды было лёгка, але я дзякую Богу за кожны дзень, за кожную хвіліну. Няхай Бог дае здароўя ўсім, хто прыйшоў нас павіншаваць”.

На пытанне, ці выбар сына быў нечаканым для сям’і, Пётр Калядка працягвае: “Я адназначна сказаць не магу, але затое я добра памятаю тую хвіліну, калі, напэўна, пакліканне зарадзілася. Кс. Андрэй Бародзіч, якога, на жаль, сёння не было, бо ён зараз працуе ў Брэсцкай вобласці, неяк хадзіў у нас па Калядзе і, прыйшоўшы да нас, замовіў слова: “Андрэй, а ці не хочаш ты быць ксяндзом?” Можа, і не з першага разу, але гэтыя словы адклаліся недзе ў свядомасці, а з цягам часу сталі праяўляцца больш значна і прынеслі свой плён.”

Распавядаючы пра сына шчаслівы бацька паказвае мне сваю дачку Лену, якая ў гэтым годзе атрымала дыплом юрыста. Лена стаіць разам з маладым чалавекам. А бацька ўсміхаецца і запрашае на яшчэ адну вельмі значную падзею ў іх сям’і – вяселле. Потым паказвае на жанчыну ў светла зёлёнай хустачцы, што збоку стаіць і ціхмяна паглядае – гэта бабуля новага святара. А каля сына – матуля – Калядка Вераніка, якая прамаўляе словы віншаванняў і пажаданняў: “Здароўя, цярплівасці і добрых парафіянаў”. Пра рашэнне сына мама Вераніка дадае: “Выбар быў нечаканым, але што зробіш. Адпусціла. Туды не прымусіш пайсці і адтуль не забярэш”. (і ўсміхаецца)
rСвятар Раман Суша

 

Яшчэ перад святою Імшою звяртаю ўвагу на жанчыну з  кветкамі, якая аказваецца цёцяй кс. Рамана Сушы. Яна сядзіць разам са стрыечнаю бабуляю новага святара Суша Галінай Мікалаеўнай з в. Нарач. Цёця, Святлана Суша, апавядае:

“Я пра лёс свайго пляменніка заўсёды чула ад яго бацькоў, ад бабулі. І мы ўсе за яго рады і вельмі яму ўдзячныя, а таксама ім ганарымся. Гэта адзіны ў нашай сям’і чалавек, які абраў такі шлях.

Як яго не адгаворвалі, ён усё роўна змог застацца пры сваім ды паступаў у семінарыю “з хітрыцою”. Сказаў, што паедзе паступаць у Мінск у радыётэхнічны, а сам паступіў у семінарыю. Бацькі ўсё ж такі былі крыху супраць, а бабуля дык зусім тады сказала: “Ромачка, што ж ты робіш?” А хлопец ёй у адказ: “Бабуля, гэта не ты кажаш, а д’ябал праз цябе.” (На гэтых словах цёця ўсміхаецца), а потым дадае: “Рома ў нас “умніца”!

Пра ксяндза Рамана Сушу распавядае і яго брат-праграміст, Уладзіслаў Суша, які у адметнай кашулі-вышыванцы сядзеў на першай лаўцы падчас Святой Імшы:

“Рашэнне Ромы стаць святаром было вельмі нечаканае для бацькоў, вельмі нечаканае і для мяне. І мяне яно хутчэй абрадавала. Я, ведаючы, што Рома бярэцца за шматлікія справы, не быў упэўнены, што гэтае пакліканне сталае. Але праз вельмі кароткі час убачыў гэту глыбіню, убачыў тое, што ў ім узрастае, ды што ў гэтым сапраўды ёсць Божая воля. Я ўбачыў, як ён размаўляе з людзьмі, якія ў яго глыбокія думкі. Таму зараз вельмі цешуся сённяшнім момантам”.

rСвятар Юзаф Сярпейка

Словы пажадання да кс. Юзaфа Сярпейкі скіроўвае с. Людвіка Суравікіна з ордэна непакалянак са Свіры, дзе ён быў на практыцы:

“Жадаю яму, каб радасць і святло, якімі ён сёння прамяніцца, праменілі яму ўсё жыццё. Каб гэтым святлом і радасцю ён зараджаў кожнага, хто сустрэнецца на шляху. Каб ніколі не было штосьці згублена! Справа ў тым, што ў кс. Юзафа ёсць такі жарт, - растлумачвае папярэднюю фразу с. Людвіка, - Ён часта любіць казаць: “У вас штосьці згубілася!” Пасля чаго чалавек абарочваецца, а ксёндз дадае: “Гэта ўсмешка!” Таму я жадаю, каб ён сам ніколі не губляў усмешкі Хрыста”.

Слова пра кс. Юзафа кажа жанчына, якая, здаецца, не згубіла ўсмешкі, Аліна Мікалаеўна Радзівончык з Ашмянаў. Яна дзякуе за хрост яе ўнука Уладзіка, які адбыўся дзякуючы працы святара, гэта ж жанчына паказвае на маці кс. Юзафа – Святлану Сярпейку.

Святлана Сярпейка: “Для мяне ўсё было незвычыйным толькі падчас першага года вучобы сына. А гэты яго крок пачаўся з таго, што аднойчы ён прыйшоў і сказаў мне: “Мама, я хачу альбо ў семінарыю, альбо артыстам стаць”. Тады я яму адказала: “Зараз я скажу сваё меркаванне, а пасля ты сам будзеш выбіраць”. І вось яго выбар і шлях, да якога ён доўга ішоў, і на якім я жадаю яму шмат цярплівасці і веры. Каб гэтай веры не страціў ніколі”.

Мама Святлана працягвае распавядаць пра сына, які адзін з пяці яе крывінак абраў такі шлях, а ў гэты момант фатограф робіць здымак, дзе побач з новым святаром стаіць яго сястра-двайнятка, імя якой Даша.

Дар’я Сярпейка кажа пра свайго брата: “Ён з дзяцінства хадзіў у касцёл, хадзіў разам з бабуляю. Але з яго пакліканнем самае незвычайнае было тое, што брат здаў усе тэсты, але нікуды іх не падаў, а пайшоў у семінарыю. Шлях да яго мэты быў доўгі, і для нас і для яго з’яўляўся хваляваннем, але за ўсё брату хочацца сказаць:“вялікі дзякуй”.

Аксана Ючкавіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.