«Будзьце апосталамі ХХІ стагоддзя»: адкрылася Малітоўная сустрэча моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі (+фота) |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
25.07.2014 19:41 |
25 ліпеня 2014 г. у Івянцы пачалася Малітоўная сустрэча моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Малітоўная сустрэча, якая сёлета праходзіць пад дэвізам «Шчаслівыя ўбогія духам» (Мц 5, 3), адкрылася Імшой у касцёле св. Міхала Арханёла, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У Імшы прынялі ўдзел Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек і духавенства. У гаміліі іерарх нагадаў, што ў гэты дзень Касцёл успамінае святога апостала Якуба – першага з апосталаў, які прыняў мучаніцкую смерць за Хрыста. Мітрапаліт дадаў, што гэты святы абвяшчаў Добрую Навіну ў Іспаніі, дзе пазней у яго гонар быў заснаваны горад Сант’яга-дэ-Кампастэла, і “пакінуў нам прыклад, як несці Евангелле аж да краю зямлі”. “Гэты “край” можа быць і там, дзе мы жывём, дзе працуем, вучымся, - адзначыў арцыпастыр. – Бо мы кожны дзень сустракаемся з людзьмі, якія яшчэ не спаткалі Хрыста, але і з тымі, якія Яго ўжо спаткалі, але страцілі сваю веру”. Па словах арцыбіскупа, маладыя людзі павінны быць актыўнымі дзеячамі ў новай евангелізацыі. “Гэтага чакае ад нас Касцёл і Езус, які жыве ў Касцёле”, - падкрэсліў іерарх, дадаўшы, што задача, якую пакінуў сваім вучням Хрыстус перад Унебаўшэсцем, - “Ідзіце і навучайце ўсе народы” - перайшла “ад апосталаў да біскупаў, святароў і кожнага ахрышчанага”. Кажучы далей пра “ўбогасць духу”, Мітрапаліт патлумачыў: “Мы не жадаем быць беднымі, і Касцёл таксама не хоча, каб людзі былі беднымі, - ён кажа аб іншым: аб тым, што часта матэрыяльныя рэчы, прыемнасці гэтага свету закрываюць перад сучасным чалавекам Бога”. “Стадыёны, канцэртныя залы, дыскатэкі сталі сёння новымі “касцёламі”, - дадаў арцыбіскуп. – У сучасным свеце імкнення да задавальненняў Святы Айцец прагне звярнуць нашу ўвагу на восем благаслаўленняў Езуса. Касцёл хоча, каб мы не былі беднымі, каб жылі добра, але каб матэрыяльныя справы не захілялі нам духоўных, бо на першым месцы павінен быць Бог”. Малітоўная сустрэча моладзі завершыцца ў нядзелю, 27 ліпеня. Анастасія Грышан |
Фотарэпартаж |