Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Адбылося прэзбітэрскае пасвячэнне першага езуіта ў сучаснай гісторыі Беларусі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
14.08.2014 21:05

14 жніўня 2014 г. прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне дыякан Віктар Жук SJ – першы езуіт у сучаснай гісторыі Беларусі. Пасвячэнне ўдзяліў у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Новапрэзбітэр Віктар Жук нарадзіўся і вырас у Пінску. У 2003 г., пасля заканчэння эканамічнага факультэта Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта, уступіў у навіцыят Расійскага рэгіёну Таварыства Езуса ў Навасібірску. Вывучаў філасофію ў Падуі, праходзіў душпастырскую практыку ў Мілане, супрацоўнічаючы з італьянскімі езуітамі ў ініцыятывах для моладзі. З 2010 г. вывучаў у Рыме тэалогію.

Дыяканскае пасвячэнне Віктар Жук атрымаў 2 красавіка 2013 г. у рымскім касцёле Іль-Джэзу (Найсвяцейшага Імя Езуса) сярод 13 кандыдатаў з розных краін. Імшу ўзначаліў кардынал Джанфранко Равазі, старшыня Папскай рады па культуры.

Новапрэзбітэр, які належыць да Незалежнага Расійскага рэгіёна “Таварыства Езуса”, будзе ажыццяўляць сваё служэнне ў якасці члена Таварыства Езуса, якое было заснавана Папам Паўлам III па просьбе святога Ігнацыя Лаёлы ў 1540 г. Дэвізам Таварыства Езуса з’яўляюцца словы “Ad majorem Dei gloriam” – “Для большай Божай славы”.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, звяртаючыся да ўдзельнікаў Імшы, адзначыў у гаміліі, што прэзбітэрскія пасвячэнні, якія ў апошні час адбываюцца ў Беларусі ўсё часцей, - “вялікая радасць і надзея Касцёла ў нашай краіне”. У гэты дзень, аднак, па словах іерарха, адбываецца ўрачыстая падзея выключнага характару: прэзбітэрскае пасвячэнне прымае першы езуіт у сучаснай беларускай гісторыі, і праходзіць яно ў былым езуіцкім касцёле, які цяпер з’яўляецца архікатэдральным. “Такім чынам, езуіцкі дух пасля двух стагоддзяў сёння прысутнічае ў гэтым cвятым месцы”, - дадаў арцыпастыр.

Мітрапаліт нагадаў, што праз сакрамэнт святарства пасвячаемы становіцца Alter Christus – Другі Хрыстус. Іерарх нагадаў пра заданні святара, якімі з’яўляюцца абвяшчэнне Божага слова і навучанне праўды веры, асвячэнне чалавека Божай ласкай, што адбываецца праз цэлебрацыю сакрамэнтаў, і кіраванне Божым народам праз служэнне яму.

Ажыццяўленне святарскага паклікання, па словах арцыбіскупа, павінна быць бачна ў служэнні людзям і кіраўніцтве імі, што “вельмі актуальна ў наш час, калі ўсе толькі і мараць аб абсалютнай свабодзе і незалежнасці”. Арцыпастыр прывёў прыклад з Евангелля, якое распавядае, як галілейскія рыбакі пакінулі ўсё і пайшлі за Езусам. “Такім чынам Евангелле нагадвае аб сутнасці паклікання - пакінуць тое, да чаго мы прывыклі, і пайсці ў новае і невядомае. Галілейскія рыбакі пакінулі сваю працу, хаця былі вопытнымі рыбакамі, і пайшлі за Езусам, не вельмі добра ўяўляючы сабе, чым усё гэта можа завяршыцца, - адзначыў іерарх. - Такое рашэнне цяжка зразумець сучаснаму маладому чалавеку, які хоча ведаць свой лёс і быць упэўнены ў ім. Гэта вынік пануючай у сучасным свеце палітыкі прагматызму. Але ісці туды, куды нас пасылаюць, жыць з тымі, да каго мы пасланы, і выконваць працу, да якой мы пакліканы, – гэта праяўленне нашага святарскага паклікання і шлях жыцця, які патрабуе свабоднага выбару”.

З нагоды прэзбітэрскага пасвячэння прадстаўніка Таварыства Езуса Мітрапаліт нагадаў пра езуіта першай паловы ХХ стагоддзя, амерыканскага святара а. Вальтэра Цішэка SJ. У савецкія часы ён тайна прыбыў у СССР, каб там служыць людзям, але хутка быў арыштаваны і змешчаны ў канцэнтрацыйны лагер у Сібіры, дзе, нягледзячы на пагрозы жыццю, выконваў свае святарскія абавязкі. У сваіх успамінах ён піша, як людзі, даведаўшыся, што ён святар, самі ішлі да яго і патрабавалі даць ім Божую ласку. Айцец Вальтэр Цішэк, як дадаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, у сувязі з гэтым піша, што менавіта ў гэтым заключаецца прыгажосць і годнасць святарства.

“Святарства – гэта дар для самога святара, бо ён дзейнічае моцаю Хрыста, і дар для хрысціянскай супольнасці, для Касцёла. Так было заўсёды, што асабліва было бачна падчас ганенняў на Касцёл, калі людзі шукалі святара за тысячы кіламетраў. Так павінна быць і цяпер, у часы крызісу веры і крызісу пакліканняў да святарства і кансэкраванага жыцця. Падобна таму, як складаныя ўмовы канцэнтрацыйнага лагеру ў Сібіры не перашкодзілі а. Вальтэру Цішэку SJ выконваць яго святарскае служэнне, таксама і сучасныя цяжкасці і культура секулярызму, якая ўмацоўваецца, не могуць перашкодзіць сапраўдным слугам алтара ў ажыццяўленні іх паклікання”, - падкрэсліў Мітрапаліт.

Іерарх узгадаў таксама пра навяртанне святога Ігнацыя Лаёлы, заснавальніка Таварыства Езуса, жыццё якога Хрыстус “змяніў сваёю ласкай і ўчыніў яго сваім абраным начыннем, і яго духоўнае вучэнне не страціла сваёй актуальнасці і па сённяшні дзень”.

Арцыбіскуп заклікаў кандыдата ў святарскі стан памятаць аб тым, што “ў свеце шмат такіх, якія не спаткалі Бога або забыліся пра Яго”, “такіх, якія паранены духоўна і хварэюць на духоўную праказу”, і што Бог пасылае яго да іх. Сімвалічна, па словах іерарха, што дыякан Віктар Жук прымае прэзбітэрскае пасвячэнне ва ўспамін св. Максімільяна Кольбэ, які “ў жудасных абставінах лагеру смерці ў Асвенцыме захаваў святарскую годнасць і аддаў жыццё за іншага чалавека”, і ў вігілію ўрачыстасці Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі - Маці святароў.

Арцыпастыр пажадаў кандыдату, каб Бог, які паклікаў яго да святарства, “дапоўніў распачатую справу”, каб ён “сваім служэннем, нясеннем Бога патрабуючым і шукаючым Яго сапраўды быў радасцю і надзеяй Ордэну езуітаў і ўсяго Касцёла”.  

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.