Першы зборнік салезіянскіх беларускамоўных малітваў і навэн прэзентавалі ў Бараўлянах |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
21.09.2014 16:18 |
Упершыню ў Беларусі выдадзены зборнік салезіянскіх малітваў і навэн на
беларускай мове. Зборнік быў прэзентаваны 20 верасня падчас адкрыцця
новага араторыя ў Бараўлянах. Выпуск салезіянскага малітоўніка, як і асвячэнне новага араторыя, стаў пачаткам святкавання 200-годдзя св. Яна Боско ў Беларусі. «Асоба кс. Боско — наша духоўная крыніца, да якой мы павінны не толькі часта звяртацца, але заўсёды мець яго ў нашай працы перад вачыма, — зазначыў рэгіянальны настаяцель салезіянскай супольнасці ў Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB. — 200 гадоў таму нарадзіўся чалавек, дзякуючы якому распачала існаванне вялікая салезіянская сям’і, членам якой тут, у Беларусі, з’яўляемся таксама і мы». Паводле слоў святара, падрыхтоўка да святкавання 200-годдзя заснавальніка салезіянскай супольнасці ішла ў Беларусі на працягу апошніх трох гадоў. Чакаецца, што акрамя зборніка малітваў і навэн на беларускай мове на працягу года будзе выпушчаны адмысловы салезіянскі малітоўнік, а таксама біяграфія салезіянскіх святых і Канстытуцыя Салезіянскай Кангрэгацыі. Усе выданні будуць на беларускай мове. Ілья Лапато |