Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«In nomine Domini»: новы салезіянскі араторый адкрыўся ў Бараўлянах
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
20.09.2014 23:09

Салезіянскі араторый імя святога Дамініка Савіо адкрыўся пры парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Успамогі Хрысціян у Бараўлянах. Яго асвячэнне адбылося 20 верасня і стала пачаткам святкаванняў, прымеркаваных да 200-годдзя св. Яна Боско.

З прывітальным словам да гасцей звярнуўся рэгіянальны настаяцель супольнасці св. Францішка Сальскага ў Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч, які падкрэсліў, што адкрыццё новага араторыя — незвычайна важная падзея ў жыцці салезіянскай супольнасці Беларусі:

«Араторый — гэта дом, які прымае: моладзь павінна адчуваць сябе свабодна, павінна адчуць, што яе любяць і атуляюць тут цяплом і апекай; (...) гэта школа, якая рыхтуе да жыцця; гэта месца, дзе ёсць магчымасць набываць неабходныя веды, асабліва рэлігійныя, развіваць свае здольнасці».

Поўны тэкст звароту ››

Святую Імшу ў гонар адкрыцця новага араторыя ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Іерарх адзначыў, што ідэя салезіянскага араторыя, натхняльнікам якога быў св. Ян Боско, —  гэта не толькі месца малітвы, але таксама месца навукі, гульняў і працы моладзі.

Узгадваючы чытанне Паслання св. апостала Паўла да Карынцянаў, якое прыпадала на суботу, арцыпастыр дадаў, што парафія Маці Божай Успамогі хрысціянаў, якая развіваецца ў Бараўлянах, і араторый імя св. Дамініка Савіо, які будзе асвечаны, — гэта найлепшыя сведчанні ўваскрашэння Касцёла на беларускай зямлі.


Мітрапаліт выказаў думку, што новы араторый павінен стаць месцам лячэння самай небяспечнай хваробы сучаснасці — духоўнай:

«Сучаснаму свету патрэбны не толькі антыбіётыкі ці іншыя лекі, але Божы дух, які ажыўляе чалавека. Заўтрашні свет будзе такім, якой будзе моладзь. Моладзь павінна быць выхавана так, каб яна ведала, што Евангелле нам дадзена не для таго, каб мы яго змянялі, але каб яно нас змяняла. Толькі тады яна будзе здольнай захаваць веру. “In nomine Domini” — “У імя Пана” — у новы шлях, бараўлянскі араторый». 

Поўны тэкст гаміліі тут››


Адразу пасля святой Імшы адбылося ўрачыстае асвячэнне новаадчыненага моладзевага араторыя. У знак удзячнасці за прысутнасць на адкрыцці новага араторыя Мітрапаліту ад імя супольнасці салезіянаў у Беларусі падарылі веласіпед.

На ўспамін аб важнай падзеі — адкрыцці араторыя, — і як памяць пра гэты дзень каля парафіяльнай капліцы было пасаджана сімвалічнаe дрэва. Завяршылася ўрачыстасць тэатральнай прэзентацыяй салезіянскіх супольнасцяў з Бараўлян, Смаргоні і Мінска. Таксама была праведзена латарэя, галоўным прызам у якой стаў веласіпед.

Адметнасцю адкрыцця араторыя стала таксама прэзентацыя першага зборніка салезіянскіх малітваў і навэн на беларускай мове.

Даведка: Араторый — хрысціянскае выхаваўчае асяроддзе для дзяцей і моладзі. З лацінскай мовы слова «араторый» азначае месца для малітвы. Салезіянскі араторый — свайго роду «дом гасціннасці», дзе кожны можа знайсці сваё месца. Першыя араторыі працавалі задоўга да св. Яна Боско, але першы салезіянскі араторый быў заснаваны менавіта ім. Мэта салезіянскага араторыя — выхаванне добрых хрысціянаў. 

(TK), (IL)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.