Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч ва ўрачыстасць Усіх Святых: «Неба патрабуе духоўных герояў»
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
01.11.2014 17:46

1 лістапада, ва ўрачыстасць Усіх Святых, вернікі з усяго горада сабраліся на святой Імшы ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Падчас Імшы арцыпастыр у сваёй гаміліі прапанаваў паразважаць над пытаннем: «Ці ідзём мы дарогай да неба?» Кажучы пра ўрачыстасць Усіх Святых, іерарх адзначыў, што ў гэты дзень «мы ўспамінаем усіх святых — тых кананізаваных, гэта азначае прызнаных Касцёлам такімі, і тых, якія на самой справе з’яўляюцца святымі, але працэс іх праслаўлення не вядзецца»: «гэта людзі, якія жылі паводле Божага закону і перайшлі ў вечнасць у стане Божай ласкі», «мы не ведаем іх імёнаў і не ведаем іх колькасці».

«Калі ўзгадваем усіх святых, напэўна, паўстае пытанне: як стаць святым? Ці гэта магчыма ў наш час? Ці святасць не з’яўляецца перажыткам мінулага? Ці іду я ў сваім жыцці дарогай святасці? — дадаў Мітрапаліт. — Мы добра ведаем, што, каб выіграць спаборніцтва, неабходна перамагчы суперніка. Нашым духоўным супернікам з’яўляецца злы дух. Выкарыстоўваючы тактыку спакусы, ён прывёў да граху нашых першых бацькоў. Злы дух не адыйшоў ад гэтай практыкі і ў адпаведнасці з абставінамі змяняе тактыку, імкнучыся як мага больш людзей зацягнуць у свае сеці. Святое Пісанне недвухсэнсоўна вучыць, што, каб дасягнуць неба, неабходна дасягнуць перамогі».  

«Трагедыя сучаснага чалавека ў тым, што ён страціў пачуццё граху і нават кажа, што нельга зграшыць або што Бог міласэрны і даруе нам нашы правіны, і таму мы аўтаматычна прызначаны для неба», — звярнуў увагу арцыбіскуп.

«Гэта праўда, што мы не можам і не маем права судзіць іншага чалавека і пасылаць яго ў пекла. Але з вучэння Хрыста бачна, што грэшнік не ўвойдзе ў Божае Валадарства. Людзям часта здаецца, што для таго, каб трапіць у неба, дастаткова быць прыветлівым з іншымі. Напэўна, гэта важна, але далёка не дастаткова. Злы дух таксама вельмі прыветлівы з усімі і абяцае шчаслівае жыццё, аднак ён сам не цешыцца прабываннем у вечнай радасці», — падкрэсліў іерарх, а таксама нагадаў, што «неба патрабуе духоўных герояў, тых, якія з’яўляюцца святымі».

«Сённяшні дзень — гэта дзень, калі мы ўшаноўваем духоўных пераможцаў, — адзначыў Мітрапаліт. — Мы заўсёды з радасцю вітаем алімпійскіх чэмпіёнаў. Сёння, вітаючы ўсіх святых, як чэмпіёнаў духоўнай алімпіяды, кожны з нас павінен спытаць сябе самога: як я стараюся выйграць мой жыццёвы забег? Ці дапамагае мне мая вера дзейнічаць інакш, чым я б дзейнічаў, калі б не верыў? Ці з’яўляюся я ў сваім жыцці сведкам Хрыста і Яго Евангелля?»

Поўны тэкст гаміліі>>>

Арцыпастыр дадаў, што «самым шчаслівым момантам жыцця кожнага чалавека з’яўляецца момант, калі ён, можа, зусім змучаны і вычарпаны, але становіцца пераможцам», і «гэта адзіны шлях да неба».

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.