Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святая Імша і працэсія за памерлых у мінскай архікатэдры: чалавек не для смерці, а для жыцця
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
02.11.2014 01:50
Святая Імша на ўрачыстасць Усіх Святых з працэсіяй за памерлых адбылася ў мінскай архікатэдры ўвечары 1 лістапада. Эўхарыстыю і працэсію ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Перад Імшою:

У вечаровай катэдры бліжэй да алтара, дзе пастаўлены пасхал, што абвіты чорнай смутнай тканінай, падыходзяць людзі са знічкамі. Хвіліны ціхай малітвы перад алтаром Пана мінаюць, а ланцужок з прынесеных свечак ператвараецца ў чырвоны дыванок, які мігціць жывым святлом.

Распачынаецца Імша, якая цэлебруецца за ўсіх памерлых, бо гэты вечар – вігілія ўспаміну ўсіх тых, хто ўжо змяніў сваё зямное жыццё на іншы этап…

Жыццё не завяршаецца, але змяняецца


Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узгадаў у сваёй гаміліі, што «Бог стварыў чалавека не для смерці, але для жыцця, і жыццё чалавека са смерцю не завяршаецца, але толькі змяняецца».

«Сёння вечарам сваімі думкамі мы пераносімся на месцы пахавання нашых блізкіх. Сёння мы іх успамінаем асаблівым чынам. Падчас іх пахавання мы абяцалі ім, што ніколі не забудземся пра іх. Аднак жыццёвыя клопаты і штодзённая мітусня сведчаць аб іншым. Сёння, аднак, Касцёл заклікае нас успомніць пра іх, асабліва пра бацькоў, блізкіх, сяброў і г.д. Сёння мы з удзячнасцю становімся над іх магіламі фізічна ці маральна, каб падзякаваць за ўсё тое добрае, што яны нам учынілі. Сёння мы, можа, больш, чым у іншы час, адчуваем як многім мы ім абавязаны»,  - сказаў іерарх.

Пасля Імшы адбылася працэсія, якая складалася з пяці прыпынкаў. На кожным аб'яўлялася свая інтэнцыя: за бацькоў, якія пусцілі ў свет, за тых настаўнікаў і спагадцаў, які трапіліся на шляху кожнага чалавека, як маякі, што вялі да ратавальнай Праўды, а таксама за загінулых беларусаў і іншых людзей свету, асабліва за загінулых несправядліва і жорстка падчас нямецкай і камуністычнай акупацыі, за забітых у Трасцянцы, у Курапатах і ў іншых месцах.

У гэтыя дні, калі людзі з асаблівай пашанай і ўвагай ставяцца да памяці пра тых, каго ўжо няма побач, многія з іх прыходзяць у святыню, каб праз сваю малітву выказаць гэтую пашану. Таксама вернікі прыходзяць на могілкі, якія перад гэтымі ўрачыстасцямі старанна прыбіраюць.

Гэтыя першыя лістападаўскія дні дапамагаюць хрысціяніну прыгадаць пра тое, што яго жыццё мінае хутка, але чалавек не прамінае ўвесь сам, застаючыся змененым.

«Увесь не памру», - нагадаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч словы Сакрата напрыканцы ўрачыстасці, каб яшчэ раз падкрэсліць, што кожны мае душу, якая дадзена з вечнасці і для вечнасці, і таму цалкам не праміне і не згасне.

(AYU)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.