2 лістапада на Кальварыі ў Мінску адбыліся працэсія і святая Імша ва ўспамін усіх памерлых вернікаў. Працэсію і Эўхарыстыю, у якіх прынялі ўдзел вернікі з усяго горада, узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
У гаміліі падчас Імшы Мітрапаліт адзначыў, што ў гэты дзень Каталіцкі Касцёл “успамінае усіх памерлых, успамінае тых, якія былі перад намі і адышлі да Пана, каб атрымаць заслужаную ўзнагароду”. Нагадваючы пра ўрачыстасць Усіх Святых, якая адзначалася напярэдадні, іерарх патлумачыў: “Сёння мы ўспамінаем не святых, як учора, але памерлых, каб, молячыся ў іх інтэнцыях, павялічыць колькасць святых. Калі ўчора мы, як Касцёл пілігрымуючы, лучыліся з Касцёлам трыўмфуючым, то сёння мы злучаемся з Касцёлам церпячым, які складаецца з душаў чысцовых”.
Успамін усіх памерлых з наведваннем могілак і жалобнымі працэсіямі, па словах арцыпастыра, “дапамагае мужна зносіць цяжар расставання з нашымі блізкімі, якія адышлі ў іншы свет”, і ў гэты дзень католікі выказваюць веру ў тое, што “дзякуючы нашым малітвам яны могуць перайсці з чысца ў неба”.
“Толькі Бог ведае, дзе знаходзяцца душы нашых памерлых. Але мы ведаем, што нішто нячыстае не ўвойдзе ў вечную славу, і ведаем таксама, што існуе чысцец, як месца ачышчэння перад уваходам у неба. Таму душы, якія знаходзяцца там, з аднаго боку ведаюць, што яны прызначаны для вечнага шчасця, але яшчэ павінны чакаць, - дадаў арцыбіскуп. - Успомнім школу: як мы ўсе хацелі як мага хутчэй яе скончыць. Успомнім цяжкія падарожжы, калі мы марылі, каб яны хутка і шчасліва завяршыліся. Успомнім шпіталь, дзе мы пыталіся ва ўрача, ці доўга нам там трэба прабываць. Гэта была туга па лепшым. Падобная туга таксама і ў нашых памерлых, каб як мага хутчэй завяршыўся час прабывання ў чысцы”.
Мітрапаліт звярнуў увагу, што на працягу актавы малітваў за памерлых — ад поўдня 1 лістапада па 8-е ўключна — кожны дзень можна атрымаць поўны адпуст і ахвяраваць яго за чысцовыя душы.
Поўны тэкст гаміліі>>>
Іерарх дадаў, што дзень, калі вернікі ўспамінаюць памерлых, трэба ўспрымаць таксама “як яшчэ адну нагоду ўзрастаць у даверы Богу, памятаючы аб тым, што наша надзея на пераход душаў чысцовых у неба — гэта не іх і не наша заслуга, але дзеянне Міласэрнага Езуса, які сам цярпеў, памёр на крыжы і ўваскрос, і толькі ў Ім чалавек мае жыццё”. Арцыпастыр пажадаў удзельнікам працэсіі і святой Імшы, каб памяць аб памерлых і малітва ў іх інтэнцыях натхнялі іх “на сапраўднае хрысціянскае жыццё, каб мы ў будучыні разам з імі маглі сузіраць Бога тварам у твар”. (AG)
|