4 лістапада ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы адбылася святая Імша ў гадавіну трагічнай смерці а. Андрэя Ахрэма OFMConv, які паходзіць з Вілейкі. Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
У Эўхарыстыі прынялі ўдзел святары, кансэкраваныя асобы, бацькі, сястра, іншыя блізкія а. Андрэя Ахрэма.
Айцец Андрэй Ахрэм нарадзіўся 9 сакавіка 1981 г. у Вілейцы ў сям’і Віктара і Людмілы Ахрэмаў. Быў ахрышчаны ў Праваслаўнай Царкве, паколькі шлюб яго бацькоў змешаны. Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі быў накіраваны на працу ў Віцебск, дзе прыняў рашэнне перайсці ў каталіцкую веру, што зрабіў 7 жніўня 2004 г. З таго часу актыўна ўдзельнічаў у жыцці мясцовай парафіі Святой Барбары як міністрант і член Легіёна Марыі, паглыбляў сваю веру праз катэхезу для дарослых. Адчуўшы жаданне глыбейшага духоўнага жыцця, вырашыў уступіць у манаскую супольнасць. У 2005 г. распачаў пастулат у Івянцы, затым працягваў фармацыю ў айцоў францішканаў у Лодзі (Польшча). Першыя шлюбы склаў 15 верасня 2007 г., вечныя шлюбы – 8 снежня 2011 г. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў 1 чэрвеня 2013 г. Служыў у парафіі Святога Міхала Арханёла ў Івянцы, у апошні час таксама атачаў пастырскай апекай парафію Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Камені (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія).
Святар загінуў у аўтакатастрофе 4 лістапада 2013 г.
На пачатку Імшы вернікі павіншавалі Мітрапаліта з 25-годдзем біскупскай сакры. У гаміліі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў: «Усе мы хацелі б, каб гэтага жалобнага набажэнства не было, каб не было той трагічнай аварыі пад Івянцом год таму, каб а. Андрэй жыў і далей служыў людзям». «Нашы сэрцы напоўнены смуткам, і мы маем на гэта права, бо нават Езус плакаў, калі памёр Лазар», — сказаў іерарх і дадаў, што зараз Касцёл перажывае актаву малітваў за памерлых, якая «нагадвае пра рэчаіснасць смерці».
«У выпадку а. Андрэя мы маем справу з трагічным здарэннем, калі малады, здольны і поўны сіл святар нечакана гіне. Думаючы чыста па-чалавечы, цяжка зразумець, чаму Бог паклікаў яго да сябе, — заўважыў арцыпастыр. — Калі восенню ападае лісце з дрэваў і калі падае старое струхнелае дрэва, то гэта ўсё прымаецца як само сабой зразумелае. Алі калі віхор вырывае з карэннямі здаровае дрэва, гэта называцца трагедыяй. Таксама, калі памірае малады чалавек, нам цяжка пагадзіцца з гэтым. Мы зноў і зноў задаем сабе пытанне: “Чаму?” і шукаем на яго адказу». Адказ, па словах Мітрапаліта, «дае Хрыстус, які кажа: „Я ёсць Уваскрасенне і Жыццё, хто жыве і верыць у Мяне, не памрэ”». «Гэтай праўдзе вучыў людзей а. Андрэй, і гэтая праўда сёння яго суправаджае ў жыццё вечнае», — падкрэсліў арцыбіскуп.
Мітрапаліт звярнуў увагу, што «ўваскрослы Хрыстус ёсць гарантыя нашага вечнага жыцця», «гарантыя таго, што са смерцю жыццё чалавека не завяршаецца, але толькі змяняецца». Поўны тэкст гаміліі>>>
Смерць а. Андрэя Ахрэма, як дадаў іерарх, павінна таксама схіліць вернікаў спытаць сябе саміх, «ці гатовы мы да спаткання з Панам, які можа нас паклікаць у кожную хвіліну», і «абудзіць са сну многіх маладых людзей, якіх Бог кліча да святарства ці кансэкраванага жыцця, бо адышоў святар; адышоў той, які быў пакліканы Езусам вучыць людзей праўдзе Евангелля, асвячаць іх Божай ласкай, без якой няма збаўлення, і кіраваць імі, служачы ім у любові». «Касцёл чакае вас, маладыя людзі, чакае, каб замянілі а. Андрэя», — з такімі словамі Мітрапаліт звярнуўся да моладзі.
Арцыпастыр падзякаваў спачыламу за яго «кароткае, але напоўненае любоўю да Бога і людзей святарскае жыццё», і выказаў надзею, што супольная малітва вернікаў у час актавы малітваў за памерлых выпрасіць яму ў Бога «ласку бачыць Яго тварам у твар».
На заканчэнне Імшы была асвячана змешчаная ў касцёле памятная дошка, прысвечаная а. Андрэю Ахрэму. (AG)
|