Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Рубяжэвічах адбылося пахаванне кс. Рычарда Юніка (+фота)
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
04.12.2014 16:01

4 снежня ў Рубяжэвічах адбылося пахаванне кс. Рычарда Юніка, шматгадовага пробашча мясцовай парафіі Святога Юзафа, які адышоў у вечнасць 2 снежня на 76-м годзе жыцця. Святую Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

«Рэальнасць смерці з яе болем і сэнсам страты сёння стае перед намі. Але падобна да таго, як мы аб’яднаны стратай, мы таксама аб’яднаны і нечым іншым — а менавіта верай», — сказаў у гаміліі падчас Імшы Мітрапаліт. Іерарх дадаў, што «супраць рэльнасці смерці сёння выступае рэальнасць веры», і «трэба падкрэсліць “рэальнасць”, а не “можа быць”, “я так думаю”».

«Калі мы кажам аб наступаючым за смерцю новым жыццём, то не толькі таму, што такое меркаванне нас супакойвае, але перадусім таму, што гэта абвешчаная Богам праўда, — патлумачыў арцыпастыр. — Хрыстус перамог смерць. Смерць не была ў Божым плане. Яна — вынік граху. Таму смерць не ад Бога, а ад адварочвання ад Яго».

«Многія людзі думаюць, што гісторыя чалавека замыкаецца ў трох словах: нараджэнне, жыццё, смерць. Для нас, хрысціян, гэтая гісторыя павінна замыкацца ў наступных чатырох словах: нараджэнне, жыццё, смерць, уваскрасенне, — падкрэсліў арцыбіскуп. — Гэтай праўдзе вучыў людзей памерлы ксёндз Рычард Юнік, і з гэтай праўдай у сэрцах сёння мы развітваемся з ім з надзеяй спаткацца ў вечнасці».

Мітрапаліт нагадаў пра шлях спачылага да святарства, які быў нялёгкім, пра тое, якім было шчасце ў вернікаў Рубяжэвічаў, калі парафія атрымала пастаяннага святара, якім і стаў кс. Рычард Юнік. У Рубяжэвічах, па словах іерарха, святар быў адзіны ў наваколлі, і да яго ехалі вернікі з Мінска, Маладзечна, Стоўбцаў, Дзяржынска, Івянца і іншых парафій.

«Гэта было вельмі сімвалічна, што ксёндз быў менавіта ў Рубяжэвічах. Слова “Рубяжэвічы” нагадвае пра рубеж, мяжу. На мяжы знаходзяцца пагранічнікі, якія сцерагуць сваю краіну. Ксёндз Рычард у духоўным сэнсе быў такім пагранічнікам, бо сцярог межы краіны веры. У часы ганенняў на Касцёл ён мужна змагаўся з ворагамі веры, бараніў яе і чыніў усё магчымае, каб ваяўнічы атэізм не завалодаў душамі людзей», — адзначыў Мітрапаліт, нагадаўшы таксама, што спачылы вялікую ўвагу прысвячаў паралітургічным набажэнствам, аднаўленню і ўмацаванню хрысціянскіх традыцый, прапагандаваў безалкагольны стыль жыцця, клапаціўся аб матэрыяльным стане касцёла і сам прымаў удзел у яго рамонтах.

«Яму можна адрасаваць словы Святога Пісання, што клопат аб доме Божым пажыраў яго. Ён так моцна зросся з рубяжэвіцкай парафіяй, што калі вернiкi казалі слова “Рубяжэвічы”, яно амаль аўтаматычна азначала ксяндза Юніка. І сёння ўдзячны яму Народ Божы напаўняе гэтую святыню, каб развiтацца з ім», — сказаў Мітрапаліт.

«Ён падчас свайго служэння вёў людзей да Бога і такім чынам да вечнага жыцця. Яго зямны час завяршыўся, і цяпер ён стаіць перед Богам як суддзёй. Як ён, служачы людзям, не шкадаваў свайго часу, каб толькі данесці ім Божае слова і збаўчую ласку, так і мы сёння не пашкадуем сваёй малітвы ў яго інтэнцыі, каб дзякуючы ёй ён убачыў Бога тварам у твар, — заахвоціў іерарх прысутных. — Ксёндз Рычард, ты адышоў, бо цябе паклікаў Бог. Але ты пасля сябе пакінуў глыбокі след на гэтай зямлі. Гэта след веры ў людзей, якія атэістычным рэжымам былі асуджаны на яе страту».

Поўны тэкст гаміліі>>>

Арцыбіскуп дадаў таксама, што пахаванне святара — гэта «рэкалекцыі паклікання да святарства, каб і ў наш час знайшліся маладыя людзі, якія на Божы заклік “Пайдзі за Мной” адкажуць: “Вось я, Пане, пашлі мяне”».

У пахавальным набажэнстве прынялі ўдзел біскуп Пінскі Антоні Дзям'янка, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Вялікаселец, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і іншыя святары з розных дыяцэзій Беларусі.

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.