«Я шчаслівы, бо разумею, што Бог жыве ў маім сэрцы»: у Мінску адбылося прэзбітэрскае пасвячэнне дыякана Віталія Стрыгі (+фота) |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
06.12.2014 14:54 |
6 снежня ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбылося прэзбітэрскае пасвячэнне дыякана Віталія Стрыгі. Пасвячэнне ўдзяліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. «Калі святар штодня прымае Хрыста ў сваё сэрца, ён адкрываецца на Божую ласку, каб даваць Бога іншым»
Напярэдадні прэзбітэрскага пасвячэння, пасля рэпетыцыі ўрачыстай Імшы, яшчэ дыякан, а сёння ўжо новапрэзбітэр Віталій Стрыга распавёў пра таямніцу святарства ў сваім жыцці: «Святарства для мяне — гэта дар жыцця. Хоць я разумею, што я чалавек слабы і грэшны, але ў сваім жыцці я сустрэў святароў, якія мне паказалі прыклад служэння, таму я таксама ў пэўны момант задумаўся: можа, і мне пайсці за Езусам і абвяшчаць Яго Евангелле? У маім жыцці быў такі момант — я служыў у супольнасці «Легіён Марыі» і наведваў хворых людзей. У размовах з імі я вельмі часта адчуваў, што я ім патрэбны, патрэбны асабліва хворым і патрабуючым. Гэтыя людзі настолькі адкрываліся перада мною, расказвалі пра свае праблемы, асабліва пра тыя моманты жыцця, калі ў савецкія часы не было святароў і яны адыходзілі ад Бога, пра тое, што зараз жадаюць зноў да Яго прыйсці. У такія моманты я адчуваў, што гэтым людзям вельмі патрэбная споведзь, і прапаноўваў ім звярнуцца да святара, але часта яны не адважваліся і казалі: «Каб ты быў святаром, то ў цябе б я паспавядаўся». Сённяшні новапрэзбітэр Віталій Стрыга паходзіць з парафіі Святога Казіміра ў Стоўбцах. Вучобу ў семінарыі распачаў у 31 год, i перад гэтым выбарам доўга і шмат маліўся. «Цяжкасці былі, — адзначае новапрэзбітэр, — і іх было шмат, але ўсё наша жыццё складаецца з праблемаў, якія трэба вырашаць. Галоўнае памятаць, што Бог побач. Калі святар штодня прымае Хрыста ў сваё сэрца, памятае пра тое, што Хрыстус жыве ў яго сэрцы, то ён адкрываецца на Божую ласку, каб пасля даваць Бога іншым. Я шчаслівы, бо разумею, усведамляю, што Бог жыве ў маім сэрцы. Калі чалавек у гэта верыць і гэта разумее, то ён па-сапраўднаму шчаслівы». «Святарскае служэнне патрабуе малітвы»
«Пакліканне да святарства нараджаецца ў касцёльнай супольнасці і святар выконвае свае абавязкі ў ёй, будучы яе духоўным настаўнікам, — падкрэсліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у гаміліі падчас святой Імшы. — Святарскае служэнне не нараджаецца з мандату касцёльнай супольнасці, але з волі Хрыста. (...) Часам можна пачуць словы «маё святарства», што не адпавядае праўдзе, бо святарства — гэта не прыватная ўласнасць і не прывілей. Быць святаром азначае быць слугою Хрыста». Мітрапаліт звярнуў увагу, што святар — «пастыр і настаўнік», які пакліканы «абвяшчаць Евангелле словам і прыкладам свайго жыцця», а для гэтага ён «павінен разважаць над законам Божым, верыць у тое, што чытае, навучаць таму, у што верыць, і выконваць тое, чаму навучае». «Дыякан Вiталiй, ты пакліканы да таго, каб, дзякуючы твайму святарскаму служэнню, універсальнае права любові да Бога і бліжняга было прынята ўсімі тымі, каго ты спаткаеш на сваім святарскім шляху», — нагадаў арцыбіскуп.
Поўны тэкст гаміліі>>> Мітрапаліт заахвоціў дыякана ў гэты асаблівы дзень «даверыцца Богу і праз узбагачанае малітвай і пастаяннай фармацыяй служэнне быць сведкам Хрыста», весці да Яго тых, каго спаткае на сваім святарскім шляху. (AYU), (AG) Фота Мікалая Новікава |
Фотарэпартаж |