8 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў катэдральным саборы ў Маскве. У гэты дзень адзначаецца адпустовая ўрачыстасць у маскоўскай катэдры і адначасова галоўная ўрачыстасць архідыяцэзіі Божай Маці ў Маскве.
Таксама Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у гэты дзень дзякаваў Богу і Найсвяцейшай Панне Марыі за 25 гадоў біскупскага служэння, 16 з якіх былі прысвечаны служэнню ў Расіі, якая, як прызнаўся арцыпастыр, стала для яго другой радзімай і ў якой ён пакінуў частку сваёй душы.
Кажучы ў гаміліі пра ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, іерарх патлумачыў, што гэтая ўрачыстасць «па сваёй сутнасці з’яўляецца супрацьпастаўленнем дару Беззаганнага Зачацця, які атрымала ад Бога Марыя, першароднаму граху, у стане якога кожны чалавек, як нашчадак Адама, прыходзіць у гэты свет».
«Сёння, у часы адступлення ад Бога, мы з захапленнем глядзім на Марыю. Яна першая паверыла ў Езуса як Збаўцу і таму з’яўляецца першай хрысціянкай і мадэллю хрысціянскага жыцця. Кожны дзень мы змагаемся са спакусамі і грахом, і ў гэтай барацьбе Марыя з’яўляецца для нас дапамогай і прыкладам, — сказаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. — Калі Ева ўвяла Адама ў грэх, то Марыя вядзе нас да Хрыста. Дзякуючы Яе згодзе з Божай воляй былі адноўлены парушаныя нашымі першымі бацькамі адносіны паміж чалавекам і Богам. Марыя з’яўляецца новай Евай, бо Яна наша духоўная Маці».
Іерарх дадаў, што «пачаты яшчэ ў раі пошук Богам грэшнага чалавека працягваецца», «Бог і сёння пытаецца: «Чалавек, дзе ты?», каб дапамагчы яму вылечыцца з хваробы граху і апрануць яго ў адзенне Божай ласкі», і «робіць гэта праз Касцёл», «а Касцёл ёсць там, дзе біскуп, — як вучыць св. Ігнацый Антыяхійскі».
У сувязі з гэтым арцыпастыр узгадаў, як чвэрць стагоддзя таму святы Ян Павел ІІ прызначыў яго першым пасля працяглага часу ганенняў біскупам у Беларусі. «Няпоўныя два гады біскупскага служэння на радзіме сталі часам сапраўды вялікай Божай ласкі адраджэння Каталіцкага Касцёла», — заўважыў Мітрапаліт. Потым рашэннем ад 13 красавіка 1981 г. Папа Ян Павел ІІ прызначыў іерарха Апостальскім адміністратарам для католікаў лацінскага абраду ў еўрапейскай частцы Расіі. «Гэты час таксама быў часам асаблівай Божай ласкі адраджэння Касцёла, яго станаўлення і ўмацавання», — дадаў арцыбіскуп.
«Сёння, дзякуючы Богу за ўсё, што было дасягнута, і просячы прабачэння за, можа быць, не да канца выкарыстаныя магчымасці, хачу таксама падзякаваць расійскім біскупам, святарам, кансэкраваным асобам і вернікам за цеснае супрацоўніцтва. Толькі будучы разам, мы змаглі дасягнуць такіх вынікаў», — сказаў Мітрапаліт, а таксама адзначыў, што «нялёгка было глядзець наперад 25 гадоў таму, калі трэба было ісці ў невядомае», але ён «заўсёды давяраў сябе і сваю дзейнасць Божаму Провіду і Найсвяцейшай Панне Марыі, верачы ў тое, што Яе фацімскае прароцтва здзейсніцца».
Арцыпастыр нагадаў, што «сёння Каталіцкі Касцёл у Расіі, як і ў Беларусі і ва ўсім свеце, павінен вырашаць новыя праблемы і адказваць на выклікі часу», і тут «асаблівая роля належыць біскупу, як таму, хто глядзіць наперад; як таму, які павінен прымаць жыццёва важныя рашэнні і несці адказнасць за мясцовы Касцёл». Поўны тэкст гаміліі>>>
«Пакінуўшы ў Расіі частку свайго сэрца, заўсёды памятаю і малюся за Касцёл у Расіі і прашу вас маліцца за мяне», — дадаў Мітрапаліт, таксама заклікаўшы вернікаў падтрымліваць іх сённяшняга біскупа Паоло Пеццы, які запрасіў яго адсвяткаваць юбілей біскупскага пасвячэння і ў Маскве. «Маліцеся за ўсіх біскупаў, каб мы разам, па прыкладзе Беззаганна Зачатай Марыі, упэўнена ішлі ў новае, напоўненае евангельскімі каштоўнасцямі заўтра», — заахвоціў сабраных беларускі іерарх. (AG)
|