Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Ракаве ўзгадалі кс. Яна Такарскага SDB у 40-ю гадавіну яго смерці (+ фота)
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
14.12.2014 13:49

14 снежня, у ІІІ Нядзелю Адвэнту, у парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай (св. Дамініка) у Ракаве прайшла ўрачыстая святая Імша памяці кс. Яна Такарскага SDB, былога пробашча мясцовай парафіі, 40-я гадавіна смерці якога прыпадае ў гэтым годзе. Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Імша стала падзякай Богу за ахвярнага пастыра. У літургіі прынялі ўдзел, акрамя ракаўскіх вернікаў, прадстаўнікі розных салезіянскіх пляцовак.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, звяртаючыся да прысутных, нагадаў у гаміліі, што III Нядзеля Адвэнту называецца нядзеляй «Gaudete», што з лацінскай мовы азначае «Радуйцеся». “Касцёл заклікае нас радавацца, бо Божае Нараджэнне ўжо блізка і наша збаўленне, якое паходзіць ад Езуса Хрыста, таксама блізка”, - дадаў іерарх.

Аналізуючы чытанне Евангелля на гэты дзень, арцыпастыр адзначыў, што яно распавядае аб тым, што святы Ян Хрысціцель “быў пасланы Богам, каб сведчыць пра Святло, якое прыходзіць, гэта значыць пра Збаўцу”. “Мінула 2000 гадоў. Нягледзячы на тое, што ўвесь гэты час праўда аб збаўленні абвяшчалася ўсім людзям, тым не менш сучасны свет — гэта свет духоўнай цемры, і ён патрабуе расчысціць дарогу Хрысту, які прыходзіць праз служэнне Касцёла, і быць Яго сведкамі, - дадаў Мітрапаліт. - Мы, як хрысціяне, павінны быць сведкамі Хрыста і Евангелля нашымі словамі і справамі, у добры час і падчас выпрабаванняў”.

Па словах іерарха, “каб падрыхтаваць дарогу прыходзячаму Збаўцу і самім быць Яго сведкамі”, трэба навяртацца і рэфармаваць сваё жыццё, а да гэтага вядзе Касцёл, найперш праз сваіх святароў.

Кажучы пра кс. Яна Такарскага, арцыбіскуп падкрэсліў, што дзякуючы яго ахвярнаму служэнню “Ракаў стаў аазісам духоўнага жыцця ў пустыні атэізму”. “Сваім верным і ахвярным служэннем ён мужна заклікаў людзей падрыхтаваць дарогу прыходзячаму Пану і быць Яго сведкамі ў тыя нялёгкія часы выпрабаванняў. Дзякуючы яго служэнню вера засталася на гэтай зямлі і сёння адраджаецца. Як салезіянін, ён сваім жыццём рэалізаваў дэвз заснавальніка таварыства салезіян св. Яна Боско: «Дайце мне душы, а ўсё іншае забярыце». Клопат пра душы людзей і іх збаўленне ў абставінах ваяўнічага атэізму быў галоўным у яго жыцці”, - заўважыў Мітрапаліт.

Поўны тэкст гаміліі>>>


Арцыпастыр адзначыў, што ў гэты дзень, у 40-ю гадавіну смерці кс. Яна Такарскага, Мінска-Магілёўскі Касцёл і парафія ў Ракаве дзякуе гэтаму святару і моліць Бога, каб быў міласэрны да яго. “Мы павінны памятаць аб тых, хто быў перад намі. Павінны памятаць аб святарах, у тым ліку аб тых, якія прайшлі цяжкія выпрабаванні ў канцэнтрацыйных лагерах. Іх прыклад павінен заахвочваць нас заставацца вернымі нашаму хрысціянскаму пакліканню і сведчанню, каб радасць Евангелля была ўдзелам кожнага чалавека”, - звярнуў увагу Мітрапаліт.

Пасля Імшы адбылася аплатковая сустрэча, а таксама малітва на могілках на месцы пахавання кс. Яна Такарскага

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.