Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч на Нараджэнне Пана: «Богаўцелаўленне – самы вялікі сюрпрыз у гісторыі чалавецтва»
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
25.12.2014 19:49

Ва ўрачыстасць Нараджэння Пана Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску.

У гаміліі Мітрапаліт адзначыў, што свята Божага Нараджэння “кожны год нанова і нанова здзіўляе нас, бо ў бэтлеемскай стайні нарадзіўся сам Бог”, і гэта “не што іншае, як Божы сюрпрыз” - “самы вялікі, які калі-небудзь меў месца ў гісторыі чалавецтва: сюрпрыз таямніцы Богаўцелаўлення”.

Разважаючы аб таямніцы Богаўцелаўлення, трэба, як падкрэсліў іерарх, памятаць аб тым, што “яна змагла ажыццявіцца дзякуючы згодзе Марыі з Божай воляй”: такім чынам “справу збаўлення чалавека Бог зрабіў залежнай ад самога чалавека”.

“Чалавек не мог сам сябе выратаваць з грахоўнай няволі. Яму на дапамогу павінен быў прыйсці той, хто мае ўладу над злым духам, - а менавіта сам Бог”, - сказаў арцыбіскуп, дадаўшы, што “Бог сярод грэшных людзей – гэта рэвалюцыйнае пасланне Божага Нараджэння”.

“Пачынаючы ад бэтлеемскага гроту, Бог спадарожнічае грэшнаму чалавеку, раздзяляе яго радасці і смутак, дапамагае яму і дае надзею. Ён не саромеецца духоўнай прыніжанасці чалавека. Наадварот, Ён уваходзіць у яе, выбірае чалавечую прыроду сваім інструментам і чыніць цуды там, дзе на гэта ніхто не спадзяецца, - звярнуў увагу Мітрапаліт. - Божае Нараджэнне не завяршылася 2000 гадоў таму ў Бэтлееме, але яно працягваецца. Бог і сёння шукае нашых сэрцаў і стукае ў іх, каб там нарадзіцца”.

Арцыпастыр заахвоціў “дазволіць, каб Уцелаўлёны Бог і наш Збаўца Езус Хрыстус наведаў нас і пасяліўся ў нашых сэрцах, каб адарыў нас сваёй збаўчай ласкай”.

Поўны тэкст гаміліі>>>

“Сардэчна віншую ўсіх вас са святам Божага Нараджэння! Віншую сваіх адзінаверцаў, католікаў. Віншую іншых хрысціян, якія таксама сёння святкуюць гэтае свята. Віншую праваслаўных, якія перажываюць пост і працягваюць падрыхтоўку да святаў Раства Хрыстова! Віншую ўсіх людзей добрай волі! – сказаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. - Мы ўсе адказныя за наш асабісты лёс і лёс нашай Бацькаўшчыны. У новых умовах нашага жыцця мы перажываем розныя крызісы, якія турбуюць усіх нас. Сярод іх не апошняе месца займае нарастаючы крызіс духоўнасці, які праяўляецца ў адыходзе ад хрысціянскіх каштоўнасцяў. Без Божай дапамогі мы не можам справіцца з ім”.

Іерарх заклікаў, каб “свята Божага Нараджэння не абмяжоўвалася толькі да традыцыі адорваць адзін аднаго каляднымі падарункамі, схадзіць у госці ці запрасіць кагосьці да сябе, можа, нават схадзіць у касцёл, бо туды сёння ідзе шмат народу, бо там прыгожыя яслі, бо так чынілі нашы продкі”. “Калі гэтая традыцыя не будзе ўзбагачана духоўным элементам, калі мы не будзем старацца дазволіць Езусу сваёй ласкай нарадзіцца ў нашых душах, то яна будзе бездухоўнай і мы не дазволім, каб Бог учыніў новы сюрпрыз у нашым жыцці”, - звярнуў увагу Мітрапаліт.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.