Адбылася аплатковая сустрэча Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча з сямейнымі рухамі (+фотарэпартаж) |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
28.12.2014 16:38 |
28 снежня, у свята Святой Сям’і, адбылася аплатковая сустрэча Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з сямейнымі рухамі. Сустрэча праходзіла ў касцёле св. Сымона і св. Алены ў Мінску. У межах сустрэчы Мітрапаліт узначаліў святую Імшу. У гаміліі іерарх звярнуў увагу, што, адзначаючы свята Святой Сям’і, Касцёл тым самым “хоча падкрэсліць праўду аб тым, што Хрыстус прыйшоў у гэты свет у сям’і і таму сям’я павінна быць месцам прабывання Бога”. Арцыпастыр нагадаў, што сёння сям’я перажывае не бачны дагэтуль крызіс. Таксама іерарх узгадаў пра Сінод Біскупаў, прысвечаны сям’і, які адбыўся ў кастрычніку гэтага года ў Ватыкане. “Сучасная сям’я – гэта не што іншае, як духоўны Чарнобыль, гэта як быццам эпідэмія духоўнай эболы. Праблему крызісу сям’і належыць шукаць у крызісе веры, які ахапіў свет”, - дадаў арцыбіскуп.
“Ці сучасныя бацькі кожны дзень моляцца, кожную нядзелю і свята спяшаюцца разам з дзецьмі ў касцёл на набажэнствы, ці часта прыступаюць да сакрамэнту пакаяння і святой Камуніі, ці даюць ім прыклад хрысціянскага жыцця? На жаль, на гэтыя пытанні сучасныя сем’і вельмі часта не могуць даць станоўчага адказу. Нашы дамы і памяшканні, замест таго, каб быць месцамі, дзе жыве сям’я як хатні Касцёл, становяцца гатэлямі, куды бацькі і дзеці прыходзяць толькі каб пераначаваць. Няма дыялогу паміж бацькамі і дзецьмі. Усе занятыя сваімі справамі і жывуць як быццам у сваім уласным гетта, - канстатаваў іерарх. - Калісьці сумесны стол, абед ці вячэра, збіралі сям’ю разам. Цяпер, у эпоху фастфудаў, ён амаль што знік. А калі яшчэ час ад часу існуе, то пасля спажывання ежы ўсе разбягаюцца па сваіх кутках: маці на кухню, бацька да тэлевізара, а дзеці да камп’ютараў”.
Мітрапаліт заахвоціў удзельнікаў Імшы “даверыць у гэты дзень нашы сем’і Езусу, Марыі і Юзафу, каб Святая Сям’я духоўна прысутнічала ў іх жыцці, каб нашы беларускія сем’і былі хатнімі Касцёламі, месцам нараджэння і прыняцця новага жыцця, выхавання маладога пакалення згодна з прынцыпамі Евангелля, школай евангелізацыі і падрыхтоўкі да самастойнага жыцця, радасцю і надзеяй нашай Бацькаўшчыны”.
Пасля Імшы Мітрапаліт і ўсе ўдзельнікі сустрэчы падзяліліся аплаткай з нагоды святаў Божага Нараджэння. (AG) Фота Аляксандры Шчыглінскай |
Фотарэпартаж |