Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч на Імшы завяршэння года: «Каб кожная старонка жыццёвага дзённіка 2015 года была запісана жыццём у Божай ласцы»
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
01.01.2015 01:48

31 снежня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі святую Імшу на завяршэнне 2014 года.

“Як паводле дзесяцібальнай шкалы ацэнак мы маглі б ацаніць гэты год?” – над гэтым іерарх прапанаваў у гаміліі падумаць вернікам.

“Магчыма, мы можам ацаніць гэты год васьмёркай ці нават дзявяткай. Іншымі словамі, магчыма, можам сказаць, што сапраўды 2014 год быў вельмі добрым, бо нам спадарожнічаў поспех у працы, вучобе, сямейных справах, дзейнасці Касцёла, грамадскім жыцці, развіцці эканомікі, навукі і культуры, змаганні за мір і г.д.

Аднак, калі пакладзем руку на сэрца, то з усёй сур’ёзнасцю гэты год не можам так ацаніць. Аб гэтым сведчаць сумныя падзеі ў суседняй Украіне, эканамічны і фінансавы крызіс, які ўсё больш уплывае і на Беларусь, нарастаючы пераслед хрысціян у многіх краінах свету, не бачны дасюль крызіс сям’і, дэвальвацыя Божага дару жыцця, эпідэмія хваробы эбола, якая пажынае сваё смяротнае жніво і ад якой няма лекаў, і многае іншае.

Таму, можа, мы ацэнім год, які завяршаецца, ацэнкай у пяць балаў і скажам, што ён быў чарговым, вельмі падобным да мінулых гадоў і нічога асаблівага не прынёс. Мы проста штодня хадзілі на працу, вучыліся ў школе ці ўніверсітэце, выходзілі замуж і жаніліся, словам, жылі прывычным жыццём.

А можа, мы можам ацаніць гэты год як вельмі дрэнны і паставіць яму двойку. Ці мы не саромеемся гэтага пражытага часу? Калі б яго можна было паўтарыць, то ці не дзейнічалі б мы інакш?” – адзначыў іерарх.

“Сёння мы таксама павінны даць адказ на фундаментальнае пытанне аб нашых адносінах да Бога і нашай веры, бо крыніца кожнага крызісу – гэта крызіс веры. Ці наша вера ў гэтым годзе квітнела? А можа, яна была толькі прахалоднай і мы прытрымліваліся хрысціянскіх традыцый без адпаведнага духу?” – дадаў арцыпастыр.

“Езус не пакідае нас без надзеі, бо вінаградар кажа гаспадару: «Пакінь смакоўніцу яшчэ на год, я буду даглядаць яе, можа, яна прынесе плён. Калі не, то ссячэш яе»”, - нагадаў Мітрапаліт.

“Мы атрымалі ад Бога магчымасць духоўна ўдасканальвацца ў Касцёле. Але вельмі часта мы яе не выкарыстоўваем, застаёмся пасіўнымі хрысціянамі і таму не прыносім духоўнага плёну. Калі завяршаецца чарговы каляндарны год, то Бог таксама глядзіць на нас, Ён вельмі добра бачыць, што адносіны з Ім не заўсёды былі такімі, якімі павінны быць. Ён бачыць, што мы не заўсёды былі ўдзячнымі і міласэрнымі адносна іншых людзей.

Нягледзячы на гэта, бязмежны ў сваёй міласэрнасці Бог дае нам новы шанец выправіцца, каб быць плённымі хрысціянамі”, - падкрэсліў арцыбіскуп.

Поўны тэкст гаміліі>>>

Мітрапаліт звярнуў увагу, што “ключ да плённага хрысціянскага жыцця — гэта лучнасць з Езусам”, а “без Яго наша жыццё будзе ацэнена менш, чым на пяцёрку па шкале ад аднаго да дзесяці”.

“Дарагія браты і сёстры, праз гадзіну Бог у нашы рукі ўкладзе новы сшытак. Пакуль што ён пусты. Падзякуем у гэтую хвіліну Богу за тое, што разам з Ім распачынаем пісаць першую старонку нашага жыцця ў новым годзе. Праз заступніцтва Багародзіцы Марыі, якую сёння ўзгадваем, папросім Яго, каб кожная старонка гэтага жыццёвага дзённіка 2015 г., як новы шанец, была запісана жыццём у Божай ласцы і добрымі ўчынкамі, і такім чынам каб ён быў плённым і Бог ацаніў яго на дзясятку”, - заахвоціў Мітрапаліт вернікаў.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.