Адкрыццё музея памяці кс. Уладзіслава Чарняўскага адбылося ў Вішневе. Ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі шмат гадоў быў пробашчам мясцовай парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі. У адкрыцці музея прыняў удзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Кандрусевіч.
У гаміліі падчас святой Імшы з нагоды адкрыцця музея Мітрапаліт адзначыў, што ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі “амаль 50 гадоў служыў тут Богу, Касцёлу і людзям у часы атэістычнай рэфармацыі, адзначаючыся моцнай верай, яе абаронай перад націскам багаборчага рэжыму, вялікім клопатам аб яе захаванні і перадачы маладому пакаленню ў вельмі складаных умовах тых часоў”.
“Ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі ў святле вучэння Другога Ватыканскага Сабору добра прачытаў знакі часу і стараўся на іх адказваць. Гаворка ідзе аб выкарыстанні нацыянальных моваў у набажэнствах. Для гэтага ён шмат увагі прысвяціў перакладу Бібліі і галоўных частак святой Імшы на беларускую мову, што дало новыя магчымасці для душпастырства.
Такім чынам, ксяндза Уладзіслава Чарняўскага мы ў пэўным сэнсе можам назваць беларускім Францішкам Сальскім, якога сёння ўспамінае Касцёл у літургіі”, - звярнуў увагу іерарх.
“Памяць аб святару Уладзіславе Чарняўскім жыве ў людзей. Яшчэ адным сведчаннем гэтага з’яўляецца адкрыццё прысвечанага яму музея ў Вішнеўскім сельсавеце. Гэта вельмі важна, бо сельсавет якраз з’яўляецца тым месцам, дзе сустракаюцца многія людзі. Дзякуючы музею, яны будуць лепей ведаць як гісторыю жыцця ксяндза Уладзіслава Чарняўскага, так і гісторыю рэлігіі на нашых землях, у тым ліку і Каталіцкага Касцёла.
Ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі з’яўляецца часткай гэтай гісторыі. Адкрыццё музея яго памяці – гэта знак павагі да яго і прызнання яго заслугаў у галіне духоўнай апекі і выхавання людзей на прынцыпах Евангелля ў вельмі складаных умовах атэістычнага рэжыму”, - сказаў арцыпастыр.
Мітрапаліт выказаў надзею, што гэты музей “будзе спрыяць не толькі захаванню памяці аб святару Уладзіславе Чарняўскім, але таксама і таму, каб у атмасферы бязвер’я, якое распаўсюджваецца, людзі маглі адказаць на гэты выклік нашага часу словамі святога апостала Пятра: “Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы жыцця вечнага”, - падобна як у атэістычныя часы адказвалі нашы продкі”.
Па словах арцыбіскупа, ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі “да канца прысвяціў сябе служэнню іншым”, “і сёння мы бачым плёны яго амаль што паўстагоддзевай ахвярнай працы ў Вішневе, куды ехалі людзі зблізку і здалёк”.
Поўны тэкст гаміліі>>>
“Вішнеўскі касцёл у тыя часы сапраўды быў скініяй Бога, “Святая Святых” у акіяне бязбожжа, які затапіў нашу зямлю, - дадаў іерарх. - Такім ён павінен заставацца і сёння. Побач з касцёлам знаходзіцца вядомая ўсім крынічка. Гэта вельмі сімвалічна, бо ў Касцёле жыве Хрыстус, які з’яўляецца крыніцай духоўнага жыцця. Вада з крынічкі ажыўляе наша цела. Вада Божай ласкі, якую атрымліваем у Касцёле, ажыўляе нашу душу. І гэтай вадой доўгія дзесяцігоддзі ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі паіў людзей”.
Мітрапаліт пажадаў, каб прыклад ахвярнага служэння ксяндза Уладзіслава Чарняўскага падбадзёрыў вернікаў імкнуцца “да крыніцы жывой вады, якой ёсць Хрыстус, каб Ён заспакоіў нашу смагу па сапраўдным духоўным жыцці”. (AG)
|