5 лютага ў парафіі Св. Антонія ў Слуцку прайшла сустрэча кансэкраваных асобаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, прымеркаваная да Дня малітваў аб святасці кансэкраванага жыцця. Сустрэчу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, y ёй прыняў удзел Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. У парафіі Святога Антонія нясуць служэнне айцы бэрнардыны і сёстры святой Ядвігі.
У межах сустрэчы адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Галоўным пунктам праграмы была святая Імша пад кіраўніцтвам Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча.
Мітрапаліт звярнуў увагу ў гаміліі, што сёлета Дзень малітваў аб святасці кансэкраванага жыцця, які адзначаецца 2 лютага, мае выключнае значэнне, бо цэлебруецца ў Год кансэкраванага жыцця, які аб’явіў Папа Францішак. Дзень малітваў аб святасці кансэкраванага жыцця быў устаноўлены св. Янам
Паўлам II у 1987 г. і звязаны са святам Ахвяравання Пана, калі Марыя з
Юзафам прынеслі Немаўлятка Езуса ў Ерузалемскую святыню, каб ахвяраваць
Яго Богу згодна з законам Майсея. «Кансэкраваныя асобы пакліканы быць святлом для асвятлення сучаснага язычніцтва»
Разважаючы над чытаннем Евангелля, у якім апавядаецца пра ахвяраванне Езуса ў Ерузалемскай святыні, Мітрапаліт адзначыў: «Старац Сімяон, узяўшы на свае рукі Езуса, сказаў, што Ён з’яўляецца святлом для асвятлення язычнікаў (пар. Лк 2, 32). Прадстаўнік Старога Запавету Сімяон гэтымі словамі выказвае ўпэўненасць у тым, што Езус — святло для асвятлення язычнікаў, прызначаны не толькі для Выбранага Народу, але і для ўсяго чалавецтва. У ім старасць свету, калі так можна выказацца, бярэ ў свае рукі вечную маладосць Бога. Адсюль яго радасць, якую ён выказвае словамі: “Вочы мае ўбачылі збаўленне Тваё, якое падрыхтаваў Ты перад абліччам усіх народаў” (Лк 2, 30-31)».
«Хрыстус паклікаў вас, дарагія законнікі і законніцы, каб праз шлюбы чысціні, беднасці і паслухмянасці ў харызмах сваіх заснавальнікаў вы яшчэ мацней наследавалі Хрыста. У наш час эрозіі маральных каштоўнасцяў, калі дамінуюць секулярызм, матэрыялізм і геданізм, выключнае прысвячэнне кансэкраваных асобаў Хрысту з’яўляецца знакам альтэрнатыўнага, у параўнанні з логікай сучаснага свету, жыцця. Так ёсць, бо ваша жыццё натхняецца Евангеллем і вы ведаеце, каму даверыліся (пар. 2 Цім 1, 12), — а менавіта Езусу Хрысту. Таму заўсёды заставайцеся вернымі абранаму жыццёваму шляху і евангельскім радам, дзякуючы чаму сталіся Хрыстовымі», — дадаў арцыбіскуп.
Мітрапаліт звярнуў увагу, што Папа Францішак «пакладае вялікую надзею на ўдзел кансэкраванага жыцця ў справе надання дынамізму жыццю Касцёла і адказу на выклікі нашага часу», і «асабліва важным з’яўляецца яго жаданне з дапамогай законнікаў і законніц абудзіць свет, які на самой справе знаходзіцца ў стане духоўнай летаргіі».
«Кансэкраваныя асобы пакліканы быць святлом для асвятлення сучаснага язычніцтва. Няхай тады дзякуючы вашаму служэнню святло, якое вы несяце ў гэты свет, дапаможа яго абудзіць з духоўнага сну, — пажадаў іерарх. — Марыя ж, якая да канца выканала волю Бога, няхай выпрасіць для вас у свайго Сына ласку радаснага сведчання аб Ім сваім жыццём і быцця святлом для асвячэння сучаснага свету, каб ён жыў у святле праўды Евангелля».
Поўны тэкст гаміліі>>>
Падчас святой Імшы ўсе прысутныя кансэкраваныя асобы аднавілі свае шлюбы і законныя прысягі.
Моладзь парафіі выказала кансэкраваным асобам пажаданні, каб у сённяшнім свеце яны былі сапраўдным святлом, сваімі добрымі ўчынкамі славілі Бога і прыводзілі іншых да Яго.
«Дзяліцца тым, як мы перажываем досвед жыцця з Езусам»
Пасля Імшы кансэкраваныя асобы праслухалі канферэнцыю, з якой выступіў а. Міхаіл Цвячкоўскі МІС, адказны за правядзенне Года кансэкраванага жыцця ў Беларусі.
«Касцёл абсалютна не можа адрачыся ад кансэкраванага жыцця, — звярнуў увагу, у прыватнасці, святар. — Кансэкраванае жыццё — важны орган у жыцці Касцёла. Смак кансэкраванага жыцця павінен адчувацца ва ўсіх працах, учынках, справах, якімі кансэкраваныя асобы займаюцца».
Айцец Міхаіл Цвячкоўскі нагадаў, што кансэкраванае жыццё — «дарога асаблівага наследавання і аддання Езусу непадзельным сэрцам, што стварае ўмовы, калі чалавек аддаецца Богу ўсім сэрцам»; «гэта значыць даручыць Хрысту ўсяго сябе, а гэта магчыма, калі існуе поўная камунія і асаблівыя адносіны з Хрыстом».
«Сэрца жыцця кансэкраванай асобы — стаць падобным да Хрыста праз інтымную з Iм сувязь і татальнае намаганне наследаваць Яго на дарозе евангельскіх радаў», — падкрэсліў святар.
Айцец Міхаіл Цвячкоўскі ўзгадаў таксама, што дакументы Касцёла, айцы Другога Ватыканскага Сабору «вельмі выразна паказваюць, што калі кансэкраваная асоба губляе інтымны кантакт з Езусам, то не ўратуюць структуры, не ўратуюць перамены, пераход з адной супольнасці ў іншую — уратуе толькі вяртанне да гэтых адносінаў і перажыванне іх ва ўсёй глыбіні».
«Хочацца заахвоціць, каб мы, кансэкраваныя асобы, не баяліся ў нашых супольнасцях дзяліцца тым, як перажываем досвед жыцця Езусам, дзяліцца гэтым з моладдзю, з якой працуем і якая, магчыма, шукае радыкальнага кроку, — адзначыў святар. — Бо калі мы не можам казаць пра Бога, таму што самі Яго не дасведчым, то што мы скажам ім?» (AG), (JM)
|