Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у мінскай парафіі Божага Цела: «Мы нясeм адказнасць за тое, каб словам і прыкладам абвяшчаць Евангелле»
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
08.02.2015 18:20

8 лютага, у V Звычайную нядзелю, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў мінскай парафіі Божага Цела.

У гаміліі іерарх звярнуў увагу, што чытанне Евангелля гэтага дня прадстаўляе Езуса, які дзейнічае ў Капарнауме. Арцыпастыр адзначыў, што Галілейскае возера і горад Капарнаум “займаюць асаблівае месца ў гісторыі збаўлення”: там Езус паклікаў апосталаў, там навучаў і лячыў, там учыніў шмат цудаў.

“Цуды, якія здзяйсняў Езус, былі знакам таго, што Божая любоў прысутнічае ў свеце”, - адзначыў Мітрапаліт.

“Яго вучні цешыліся з таго, што Ён стаўся мясцовым героем і быў вельмі папулярны сярод людзей. Яны верылі, што гэта таксама паспрыяе росту і іх папулярнасці і адкрые перад імі новыя перспектывы. Таму, калі на наступны дзень раніцай яны знайшлі Яго на пустынным месцы на малітве, то прапанавалі Яму вярнуцца туды, дзе Яго дзеянне было вельмі эфектыўным. Езус, аднак, прапанаваў ім пайсці ў іншае месца, каб і там абвяшчаць Добрую Навіну.

Гэта нагадвае аб тым, што план Езуса адрозніваўся ад плану апосталаў. Місіяй Хрыста было абвяшчаць Евангелле ўсім народам, а не толькі там, дзе гэтае абвяшчэнне было больш лёгкім”, - заўважыў арцыбіскуп.

“Паколькі ніхто не можа быць збаўлены без веры, галоўным заданнем Касцёла з’яўляецца абвяшчэнне Божага слова, з якога нараджаецца вера. І мы ўсе нясем адказнасць за тое, каб словам і прыкладам абвяшчаць Евангелле. Гэта не заўсёды лёгка і не заўсёды ўдаецца, але гэта наша місія, ад якой мы, як хрысціяне, не можам адмовіцца”, - падкрэсліў арцыпастыр.

“Ведаючы, што Яго заданнем ёсць нястомна абвяшчаць Божае Валадарста, Езус павінен быў быць заўсёды гатовым да яго выканання. Для гэтага Ён не мог жыць без малітвы, бо Яго служэнне патрабавала шмат духоўнай энергіі, - нагадаў іерарх. - Таму пустыннае месца, куды Ён пасля гэтага пайшоў, на самой справе не было пустыняй, але месцам, дзе Ён мог аддацца без абмежаванняў малітве. Ён пайшоў туды не для таго, каб уцячы ад цяжкасцяў жыцця, але каб аднавіць свае духоўныя сілы для будучай дзейнасці”.

“І мы павінны чыніць гэтак жа, каб маглі выканаць прызначанае нам Божым Провідам заданне. Наша штодзённая актыўнасць забірае не толькі фізічныя, але і духоўныя сілы, і іх неабходна регенераваць, для чаго неабходна нанова духоўна падзарадзіцца, - звярнуў увагу Мітрапаліт. - Езус нам пакінуў прыклад, што гэта мы можам учыніць на малітве”.

Поўны тэкст гаміліі>>>

“Папа Францішак часта падкрэслівае, што мы не павінны быць абыякавымі ў адносінах як да матэрыяльных, так і да духоўных бедаў чалавека, да хваробаў цела і душы. Але для гэтага патрэбна Божая энергія, не толькі каб у нас і ў іншых усё было добра, але і каб мы ўсе былі святымі, - дадаў арцыбіскуп. – Таксама неабходна жыць не толькі для сябе, але і для іншых, як гэта чыніў Езус. Ён прыйшоў служыць, а не каб Яму служылі. У Яго жыцці быў час на малітву, на аздараўленне іншых і на паяднанне іх з Богам. Мы таксама павінны з усёй сур’ёзнасцю прыняць гэты выклік, раздзяляючы з іншымі любоў, міласэрнасць, спачуванне і прабачэнне”.

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.