Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч: «Успамін Найсвяцейшай Панны Марыі з Люрда нагадвае нам пра аздараўляючае служэнне Касцёла»
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
11.02.2015 20:17

11 лютага, ва ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі з Люрда, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў мінскім архікатэдральным касцёле.

У гэты дзень Каталіцкі Касцёл успамінае Маці Божую Люрдскую і адначасова адзначае чарговы Сусветны дзень хворых, устаноўлены св. Янам Паўлам II у 1992 г.

Назва гэтага дня, як нагадаў Мітрапаліт у гаміліі, бярэ пачатак ад аб’яўленняў Божай Маці св. Бернардэце Субіру ў 1858 г. у Масабейскай гроце ля падножжа Французскіх Пірынеяў. Тады Марыя 18 разоў аб’явілася 14-гадовай беднай дзяўчынцы, пачынаючы з 11 лютага.

Іерарх нагадаў таксама, што Люрд — найбольш папулярнае месца пілігрымак, куды штогод прыбывае каля 5 мільёнаў пілігрымаў і дзе многія хворыя спазнаюць ласку выздараўлення.

«Сённяшні ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі з Люрда нагадвае нам пра аздараўляючае служэнне Касцёла. Ён нагадвае там таксама і аб тым, што мы павінны клапаціцца аб хворых. Таму сёння мы таксама павінны дзякаваць урачам і ўсім медработнікам за іх клопат аб хворых, за тое, што яны дзень і ноч знаходзяцца на варце чалавечага здароўя. Мы павінны таксама дзякаваць святарам, якія ад імя Езуса Хрыста і імя Касцёла лечаць душы людзей ад хваробы граху», — сказаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

«Сёння ў Мінску адбываецца сустрэча Прэзідэнтаў Францыі, Расіі і Украіны, а таксама Канцлера Германіі па ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу. Гэта даволі сімвалічна, бо ў Сусветны дзень хворых у Мінску падымаюцца спробы вырашыць гэты зацяжны канфлікт, які на самой справе з’яўляецца праяўленнем духоўнай хваробы нашага часу, калі замест любові да бліжняга дамінуе пагарда, нянавісць, непашана да правоў іншага чалавека», — дадаў іерарх.

Поўны тэкст гаміліі>>>

«У перспектыве, якую прапануе Люрд, і праз прызму навучання Касцёла і Папы Францішка, даверым сёння сябе, нашых хворых і церпячых, а таксама Украіну Божай Маці Люрдскай, каб праз Яе прадстаўніцтва Бог учыніў новы цуд аздараўлення нашага цела і нашай душы, а ў нашых паўднёвых суседзяў запанаваў мір, каб мы ўсе маглі развівацца гарманічна на хвалу Бога і для нашага збаўлення», — заахвоціў Мітрапаліт удзельнікаў святой Імшы.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.