18 лютага, у Папяльцовую сераду, якая распачынае перыяд Вялікага посту, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. “Падчас набажэнства Папяльцовай серады святар выкарыстоўвае попел са спаленых галінак мінулагодніх пальмаў. Але папялец мы можам убачыць і ў звычайным жыцці. Свет нядаўна адзначаў 70-годдзе вызвалення Асвенцыма, дзе падчас Другой сусветнай вайны ў крэматорыях былі спалены мільёны людзей. Менавіта Асвенцым стаўся самым вялікім папяльцом ХХ стагоддзя. Вуліцы Нью-Ёрка 11 верасня 2001 г. таксама сталіся небачным да гэтага папяльцом. Сёння такім папяльцом з’яўляецца ўкраінскі горад Дэбальцова, дзе, нягледзячы на мінскія пагадненні, працягваецца крывавая бойня. Мы з жахам глядзім на гэтыя падзеі нашага часу і просім Бога берагчы чалавецтва ад падобных папяльцоў”, - адзначыў у гаміліі Мітрапаліт.
Іерарх падкрэсліў, што абрад пасыпання галоваў попелам у Папяльцовую сераду “павінен нас схіліць да таго, каб час Вялікага посту, як час ласкі і навяртання, не быў страчаны”.
“Адным з імкненняў сучаснага чалавека з’яўляецца імкненне да матэрыяльнага дастатку. Мы хочам мець як мага больш і больш, ніколі не ведаючы меры. У той жа час Вялікі пост заахвочвае звярнуць нашу ўвагу на духоўны стан нашага жыцця”, - дадаў арцыпастыр. “Бязмежны ў сваёй міласэрнасці Бог чакае нас. Вялікі пост – гэта найбольш спрыяльны час, каб вярнуцца да Яго. І на шляху да навяртання знаходзіцца Папяльцовая серада, якая дапамагае нам усвядоміць нясталасць нашага жыцця і ператварэнне нашага цела ў прах. Бог з праху зямлі стварыў чалавека, і ў прах ён вернецца. Гэта праўда, якой ніхто не можа пярэчыць, бо ўсе мы памрэм і нашы целы ператворацца ў прах.
Пост рапачынаецца абрадам пасыпання галоваў попелам, каб мы маглі задумацца аб сваім жыцці, асабліва ў святле словаў Хрыста: “Навяртайцеся і верце ў Евангелле”. Попел прамаўляе і кажа нам аб тым, што ў вечнасць мы не забярэм з сабой матэрыяльных каштоўнасцяў, але толькі тое, што не ператвараецца ў попел, гэта азначае духоўныя справы”, - звярнуў увагу арцыбіскуп.
Іерарх адзначыў, што “пры гэтым трэба памятаць, што Бог патрабуе не нашых слоў, але сведчання”: “многія з нас прымаюць удзел у Эўхарыстыі, але потым уцякаюць перад цяжкасцямі, падобна як учынілі апосталы, якія пасля Апошняй Вячэры ўцяклі, бо ўбачылі Хрыста церпячага”.
Мітрапаліт нагадаў вернікам, што час Вялікага посту “павінен стаць часам пазнання сябе і карэкціроўкі нашага жыцця”. “Чым раней мы заўважым трэшчыну ў сцяне дома, тым менш будзе шкоды і тым таннейшы рамонт. Падобна ёсць і з душой чалавека. Чым раней убачым грахоўную шчыліну і распачнем яе рамонт, тым больш ён будзе якасны, таннейшы і не прынясе вялікіх шкодаў”, - патлумачыў арцыпастыр. Поўны тэкст гаміліі>>>
Іерарх заклікаў вернікаў у перыяд посту “з дапамогай Божай ласкі адрадзіцца да новага духоўнага жыцця” і пажадаў, каб попел, якім пасыпаюцца іх галовы, дапамог ім зрушыць сумленні, “ачысціцца і стаць больш моцнымі духоўна”. (AG) Фота Аляксандры Шчыглінскай
|