1 сакавіка, у ІІ Нядзелю Вялікага посту, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах. Падчас Імшы іерарх удзяліў сакрамэнт канфірмацыі.
Разважаючы над чытаннем Евангелля на гэты дзень, якое распавядае аб Перамяненні Езуса на гары Табор, арцыпастыр між іншым адзначыў: “Апосталы былі так заварожаны ўбачаным, што Пётр сказаў, што добра ім быць на гэтай гары, і прапанаваў збудаваць тры шатры – адзін для Езуса, другі для Іллі і трэці для Майсея. Апосталам было добра быць на гары Табор, бо з імі быў Езус і яны ўбачылі Яго нябесную славу, да якой мы ўсе пакліканы”.
“У 1977 г. з Савецкага Саюза ў Злучаныя Штаты Амерыкі эміграваў вядомы комік Якаў Смірноў. Ён быў вельмі ўражаны стылем амерыканскага жыцця аж да таго, што ўвайшоў у гісторыю як аўтар славутай фразы аб Амерыцы: “Што ж гэта за краіна!” Яго гумар складаўся з супастаўлення складанага жыцця ў камуністычнай краіне з ідэалогіяй спажывецтва Злучаных Штатаў.
Прыехаўшы ў Амерыку, ён не быў падрыхтаваны да кардынальна іншага стылю жыцця, да колькасці і разнастайнасці тавараў і прадуктаў у магазінах. Свой першы досвед жыцця ў Амерыцы ён апісвае наступным чынам: “Падчас майго першага наведвання магазіна я ўбачыў сухое малако. Неабходна было толькі даліць вады, і атрымлівалася звычайнае малако. Потым я ўбачыў сокі ў парашку, дабаў вады і маеш сок. І нарэшце, я ўбачыў дзіцячую пудру і падумаў сабе: “Што ж гэта за краіна! Вазьмі парашок, далей ваду і з’явіцца дзіця?!”
Вядомы гумарыст смяяўся з гэтых цудаў тагачаснага амерыканскага жыцця, цудаў ператварэння парашку ў малако ці ў сок, якія і ў нас сталі штодзённасцю. Мы ж, аднак, павінны ўспрымаць Перамяненне Хрыста на гары Табор як заклік да нашай духоўнай перамены, да цуду змены нашага жыцця, да таго, каб пакінуць старога чалавека і стаць новым, Хрыстовым”, - сказаў Мітрапаліт.
“Сцэна Перамянення Пана традыцыйна заклікае да змены жыцця. Некаторыя ўспрымаюць гэта літаральна і думаюць аб імгненнай, нават цудоўнай змене. Дастаткова толькі прыйсці раз у касцёл, заказаць Імшу, паставіць свечку, і Бог учыніць цуд. Так думаючы, мы прыпадабняем касцёл да прадуктовага магазіна і становімся парашковымі хрысціянамі.
У рэальнасці такі парашок не існуе, і вучнямі Хрыста не нараджаюцца, але становяцца. Яны паволі растуць праз іх хрысціянскую фармацыю, розныя выпрабаванні, цярпенні і спакусы. Штодзённае жыццё паказвае, што далёка не ўсе дзеці, якія рэгулярна прымаюць удзел у катэхізацыі, потым, калі вырастуць, становяцца добрымі вернікамі і рэгулярна ходзяць у касцёл. Чаму? Прычын, напэўна, шмат. Але адно ясна, што шлях да дасканаласці доўгі і патрабуе пастаяннай фармацыі, малітвы, ахвяры, перамогі над спакусамі”, - дадаў арцыбіскуп.
Кажучы пра сакрамэнт канфірмацыі, які таксама называецца сакрамэнтам хрысціянскай сталасці, Мітрапаліт нагадаў: “Ён мае вельмі вялікае значэнне ў нашым духоўным жыцці і ўдасканаленні. Хрысціянін павінен быць сталым, гэта азначае такім, які будуе сваё жыццё на хрысціянскіх маральных нормах і не паддаецца спакусам ліберальнага свету”. Поўны тэкст гаміліі>>>
“Як вучні Езуса мы павінны памятаць аб абяцаннях хросту; памятаць аб тым, што мы не свабодныя паступаць згодна з нашай грэшнай прыродай, але свабодныя падпарадкаваць нашу волю Божай волі і ўладзе Хрыста. Гэта нялёгка, бо хаця і ведаем, што такое дабро, аднак у той жа час робім зло. Каб супрацьстаяць спакусам злога духа і жыць згодна з абяцаннямі хросту, неабходна быць духоўна моцнымі.
У наш час Касцёл і свет патрабуе не папяровых і штучных хрысціян, не парашковых, але тых, якія, у сакрамэнце хросту стаўшы Хрыстовымі, імі і з’яўляюцца ў жыцці”, - падкрэсліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. (AG)
|