8 сакавіка, у III Нядзелю Вялікага посту, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.
Кажучы ў гаміліі пра першае літургічнае чытанне гэтага дня, якое прадстаўляе дзесяць Божых запаведзяў, іерарх падкрэсліў: “Гэта не што іншае, як дарожныя знакі на нашым жыццёвым шляху, каб яно было шчаслівым. Божы закон – гэта самы дасканалы закон, але чалавек яго не выконвае, і ў гэтым крыецца прычына яго няшчасця”.
Як выглядаюць справы адносна захавання маральных правіл паводзін у нашым жыцці? Мы паступаем згодна з канкрэтна вызначанымі Богам ці грамадствам правіламі ці, можа, стараемся абхітрыць іншых, як чалавек, які есць вішні ў шакаладзе, кажучы, што есць вішні, і гэтым самым хочучы заспакоіць сваё жаданне есці шакалад? Ці такім чынам мы не падманваем саміх сябе?” – над гэтымі пытаннямі Мітрапаліт прапанаваў паразважаць вернікам.
“Нават калі б мы жылі на пустынным востраве, куды вера ніколі не была б прынесена, мы б ведалі базавыя нормы паводзін і адрознівалі б дабро ад зла. Усё гэта мы называем натуральным законам, які ўпісаны ў нашы серцы Створцам і які дапамагае прыняць правільнае рашэнне. Нават калі б мы жылі там, куды яшчэ не дайшла вера, голас сумлення дапамагаў бы нам прымаць маральна правільныя рашэнні.
Мы, аднак, маем вялікі прывілей расці як дзеці Божыя ад моманту нашага хросту, бо не нарадзіліся і не раслі на бязлюдным пустынным востраве, куды вера яшчэ не дайшла. Быццё дзецьмі Божымі – гэта такая вялікая ласка, што мы не можам знайсці словаў, каб выказаць нашу ўдзячнасць Богу за Яго шчодрасць учыніць нас членамі Яго сям’і”, - сказаў арцыпастыр.
“Гэта вялікі дар і адначасова абавязак - дзейнічаць згодна з Божай воляй. Аднак вельмі часта мы забываемся аб тым, што з’яўляемся дзецьмі Божымі, і становімся не сапраўднымі, але штучнымі хрысціянамі. У мітусні штодзённых спраў мы спяшаемся праз жыццё, не думаючы, кім з’яўляемся і куды ідзём”, - дадаў іерарх.
“На наша сумленне вялікі ўплыў мае грамадства, асабліва сродкі масавай інфармацыіі, якія сталі галоўным выхаваўцам моладзі. У выніку наша сумленне можа быць забруджаным, - звярнуў увагу Мітрапаліт. - З нядобра сфармаваным сумленнем мы становімся мяняламі грошай і гандлярамі жывёлай у святыні нашага жыцця, думаючы, што ўсё ў парадку. На самой жа справе нам патрэбны Бог, каб паказаць, што ў нашым жыцці правільна, а што блага, каб мы маглі адрозніваць дабро ад зла. Каб фармаваць правільнае сумленне, Бог пакінуў нам дзесяць запаведзяў, паводле якіх мы павінны жыць”. Поўны тэкст гаміліі>>>
Дзесяць запаведзяў, як адзначыў арцыбіскуп, “не абмяжоўваюць нашу свабоду, але, наадварот, паказваюць, як жыць у свабодзе дзяцей Божых, каб быць шчаслівымі ў гэтым жыцці і дасягнуць шчаслівай вечнасці”. “Цяпер, калі мы перажываем Вялікі пост, дазволім Богу так фармаваць наша сумленне, каб мы сапраўды былі Божымі дзецьмі, якія дазваляюць Езусу ў сакрамэнце пакаяння выкінуць з нашых душаў усялякі хлам”, - заахвоціў Мітрапаліт удзельнікаў святой Імшы. (AG)
|