Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ва ўрачыстасць св. Юзафа Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў Імшу ў парафіі ў Валожыне
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
19.03.2015 18:47

19 сакавіка, ва ўрачыстасць святога Юзафа, абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў парафіі Св. Юзафа ў Валожыне. У гэты дзень у валожынскім касцёле Мітрапаліт асвяціў новы бакавы алтар у гонар Езуса Журботнага.

“Святы Юзаф займае асаблівае месца ў гісторыі збаўлення. Ён разам з Марыяй быў пасвечаны ў таямніцу Богаўцелаўлення. У сённяшнім Евангеллі мы пачулі словы, з якім пасланец Божы – анёл – заахвоціў Юзафа не баяцца прыняць Марыю, бо зачатае ў Ёй ёсць ад Духа Святога і з Яе народзіцца Сын Божы, - нагадаў іерарх у гаміліі. - Гэтыя словы з’яўляюцца ключавымі ў жыцці гэтага святога чалавека, які быў патомкам караля Давіда. У гэтых словах Нябесны Айцец даверыў простаму цесляру з Назарэта такую вялікую таямніцу, якой з’яўляецца таямніца Богаўцелаўлення”.

“Бог жыве ў сваім Касцёле, і таму святому Юзафу Касцёл давярае сябе ва ўсіх сферах яго жыцця і дзейнасці, асабліва ў адносінах да сям’і.

Усім вядома, што сучасная сям’я перажывае небывалы крызіс, які падважвае існаванне грамадства. Сям’я – гэта галоўная клетка кожнага грамадства і яго фундамент. Вядома, што без фундаменту нельга збудаваць дом. Таксама без сям’і не можа існаваць нармальнае грамадства. Крызіс сям’і падразае карані грамадства. Як дрэва з падрэзанымі каранямі засыхае, таксама і грамадства, у якім сям’я знаходзіцца ў крызісе, засыхае духоўна.

Таму сённяшняя ўрачыстасць св. Юзафа – гэта таксама і свята хрысціянскай сям’і ва ўсіх яе вымярэннях: этычным, грамадскім і рэлігійным. Гэта таксама і свята жыцця, якое нараджаецца ў сям’і, у ёй узрастае, удасканальваецца і рыхтуецца да самастойнасці і адказнасці за Касцёл і грамадства”, - адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Мітрапаліт звярнуў увагу, што, як вучыць Касцёл, “сям’я павінна быць першай школай рэлігійнага выхавання; школай працы, любові, салідарнасці, чалавечых і хрысціянскіх каштоўнасцяў”. “Сям’я – гэта таксама супольнасць любові, дзе кожны яе член адчувае, што яго разумеюць, прымаюць і любяць. Сям’я – гэта адкрытая на жыццё супольнасць, што асабліва важна ў наш час, калі чалавечым жыццём маніпулююць, калі яно купляецца і прадаецца, калі хутка могуць з’явіцца фабрыкі штучнага паўстання жыцця”, - дадаў іерарх.

Мітрапаліт падкрэсліў, што сям’я таксама павінна быць “супольнасцю малітвы, дзе бацькі і дзеці моляцца разам”; “вельмі важнае значэнне мае сумесны ўдзел у нядзельнай святой Імшы, споведзь і святая Камунія”. Таксама, звярнуў увагу арцыпастыр, сям’я павінна стаць “месцам першай евангелізацыі для перадачы веры”.

“Сёння ў валожынскім касцёле асвячаецца алтар Езуса Журботнага. Гэта вельмі сімвалічна ў адносінах да сям’і, бо Езус плача над сучаснымі сем’ямі, якія знаходзяцца ў нябачным дасюль крызісе”, - сказаў арцыбіскуп.

Поўны тэкст гаміліі>>>

Мітрапаліт заахвоціў удзельнікаў Імшы даверыць сучасныя сем’і апецы святога Юзафа, каб ён “выпрасіў у Бога ласку, каб сучасныя сем’і разумелі, што ў пакліканні да сямейнага жыцця і адказнага бацькоўства знаходзіцца шлях да будавання цывілізацыі жыцця, любові і салідарнасці”.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.