«Чаму Езус уехаў у Ерузалем не на кані, а на восліку?» — запытаўся ў самых малодшых вернікаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падчас Імшы для дзяцей на Пальмовую нядзелю 29 сакавіка ў мінскай архікатэдры.
«Бо калі б Езус уехаў на кані — гэта б было знакам вайны, а так Ён уехаў на восліку, які з'яўляецца знакам міру», — адказала дасведчаная дзяўчынка.
У архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску ўвайшло ў традыцыю, якая вельмі падабаецца і дзецям, і дарослым, каб на Пальмовую нядзелю запрашаць актораў, якія б былі пераапранутыя ў біблейскіх асобаў. Гэтыя акторы прыходзяць разам з вослікам, мянушку якога — Юлій — ведаюць многія парафіяне.
І ў гэты раз акторы разам з вослікам удзельнічалі ў працэсіі, якая адбывалася каля катэдры перад Імшой. Прысутныя вернікі ўжо асвечанымі каляровымі вербачкамі віталі працэсію, прыгадваючы той момант, калі Езус урачыста ўваходзіў у Ерузалeм.
Падчас Імшы з дзецьмі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч вёў з маленькімі вернікамі размовы. Дзеці, якіх перад алтаром сабралася дружная і шматлікая кагорта, актыўна ўдзельнічалі ў дыялогу з арцыбіскупам.
«Не трэба баяцца адказваць,— папярэдзіў малечу арцыпастыр, — гэта ж не экзамен».
Дзеці, адказваючы на пытанні арцыбіскупа, маглі прадэманстраваць свае веды пра Пальмовую нядзелю і Вялікдзень.
Пасля святой Імшы малых чакала забава і вялікая радасць, бо, акрамя таго, што восліка Юлія можна было пацерабіць за вухам і правесціся рукою па яго чорнай чупрыне, дзеці маглі на ім і пакатацца.
Пасля Імшы для дзяцей Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў яшчэ адну Імшу, дзе падчас гаміліі заклікаў вернікаў з верай распачаць падарожжа Вялікага тыдня, якое павінна мець сэнс. А каб яно мела сэнс, як адзначыў іерарх, трэба быць «часткай Касцёла, як Містычнага Цела Хрыста».
«Неабходна быць разам з Хрыстом на крыжы. Як члены Касцёла мы павінны прызнаць сваю грэшнасць і існуючы ў нас патэнцыял для дабра», — дадаў арцыбіскуп.
Аксана Ючкавіч, Фота Аляксандры Шчыглінскай
|